7 снежня, Жлобінскі раён /Кар. БЕЛТА/. Прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка на ўроку памяці "Лёсы дзяцей вайны", які прайшоў 7 снежня ў новым музеі ў мемарыяльным комплексе "Дзецям - ахвярам вайны" ў Чырвоным Беразе Жлобінскага раёна, расказаў, чаму крымінальная справа аб генацыдзе беларускага народа была ўзбуджана ў нашы дні, праз дзесяцігоддзі пасля тых падзей, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
На ўроку памяці напярэдадні Міжнароднага дня памяці ахвяр злачынства генацыду сабраліся вучні-лідары, кадэты, выхаванцы ваенна-патрыятычных клубаў, актывісты маладзёжнага руху.
Раман Галоўчанка адказаў на пытанне дзяцей. Так, адзін з вучняў пацікавіўся, чаму крымінальная справа па факце генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны была ўзбуджана праз доўгі перыяд часу, калі вялікай колькасці злачынцаў ужо і няма ў жывых.
Прэм'ер-міністр прапанаваў вярнуцца да падзей пераможнага 1945 года. "Нацысцкі рэжым разбураны, верхаводы рэйха, тыя, хто не скончыў жыццё самагубствам, арыштаваны, перададзены Міжнароднаму трыбуналу ў Нюрнбергу, які асудзіў каго да смяротнай кары, каго да працяглых тэрмінаў турэмнага зняволення. Гэта значыць нібыта ўсе панеслі пакаранне, усіх асудзілі. Новыя ўлады Германіі адмовіліся ад злачынстваў нацыстаў, пакаяліся і заявілі аб тым, што яны будуць будаваць новую Германію", - адзначыў Раман Галоўчанка.
Ён падкрэсліў, што ў пасляваенныя гады, аж да канца існавання Савецкага Саюза, хоць і была пэўная напружанасць паміж СССР і заходнімі краінамі, але ў прынцыпе ўсе суіснавалі. "І тады ніхто не ўспамінаў аб пагрозе нацызму. Ён быў асуджаны, заклеймаваны. У самой Германіі праяўляць нейкія сімпатыі да нацызму стала крымінальным злачынствам, не кажучы ўжо аб усхваленні нацысцкага рэжыму", - канстатаваў прэм'ер-міністр.
"І мы думалі, што гэту старонку перагарнулі, закрылі, асудзілі. Але потым, калі мы пачалі ўжо будаваць сваю незалежную краіну, сваю Рэспубліку Беларусь, сталі сутыкацца з тым, што з Захаду ўсё часцей і часцей нам пачалі навязваць свае ўмовы, расказваць, як нам жыць, што мы не так робім, прымушаць нас да нейкіх дзеянняў, каб дагадзіць іх уласным інтарэсам. І гэтыя ўсе спробы сталі больш назойлівымі і назойлівымі. І ўсё дайшло да непасрэднага ўмяшання ў нашы ўнутраныя справы. Гэта значыць ужо (было. - Заўвага БЕЛТА) такое бесцырымоннае ўмяшанне, кульмінацыяй якога стала спроба падтрымкі ўнутранага мяцяжу ў жніўні 2020 года", - адзначыў Раман Галоўчанка.
Ён звярнуў увагу: пасля гэтага ў нашай краіне пераасэнсавалі нейкія рэчы. "Мы хацелі не вяртацца да гэтай тэмы. Мы прынялі іх прабачэнні, паверылі ў тое, што яны пакаяліся. Але гэта беспардоннае, бесцырымоннае ўмяшанне ў нашы справы падштурхнула нас да таго, каб мы да канца прайшлі гэты шлях, да канца раскрылі гэту тэму. І пачалі адкрыта гаварыць, што тое, што адбывалася на беларускай зямлі, было не чым іншым, як генацыдам цэлага народа", - падкрэсліў прэм'ер-міністр.
"І мы пачалі звяртацца да тых рэчаў, якія лічылі за лепшае пакінуць у цені гісторыі. Устанаўліваць новыя факты знішчэння нашых людзей, новыя факты масавых расстрэлаў, злачынстваў. Мы гэта робім у рамках міжнароднага права", - канстатаваў Раман Галоўчанка.
Ён таксама звярнуў увагу, што на Захадзе з тых, хто прынёс бяду на нашу зямлю, удзельнічаў у бясчынствах, сёння спрабуюць рабіць новых герояў. "Нават калі яны паміраюць, з іх спрабуюць рабіць новых герояў. Таму мы павінны дакладна і аб'ектыўна сказаць, што нас хацелі знішчыць як нацыю. Гэта ўстаноўленыя факты. 20-25 працэнтаў насельніцтва нашай краіны павінна было захавацца - гэтай колькасці было б дастаткова для абслугоўвання інтарэсаў новых гаспадароў. Усіх астатніх павінны былі татальна знішчыць. Нас усіх не было б, таму што нашы бабулі і дзядулі былі б забіты і нашы маці і бацькі не нарадзіліся б на гэты свет", - сказаў прэм'ер-міністр.
Назваў ён яшчэ адзін важны нюанс. "Верхаводы рэйха, нацысцкія вярхі, тыя, хто ўчыняў ваеннае злачынства, былі асуджаны, панеслі пакаранне. Але тыя, хто працаваў на рэйх, канцэрны, заводы, тыя, хто вырабляў для іх зброю, дзе працавалі, як рабы, нашы продкі, якіх вывезлі ў Германію на работу, - што з імі стала пасля вайны? Вы думаеце, яны аказаліся гэтак жа разбураны? Хтосьці іх маёмасць адабраў? Не, яны прадаўжавалі працаваць", - заўважыў Раман Галоўчанка.
Ён прывёў прыклад, калі адна з нямецкіх кампаній у нашы дні адмовіла Беларусі ў пастаўках. "Са спасылкай на тое, што мы не заслугоўваем гэтай прадукцыі. Яны лічаць, што мы не так жывём, таму яны нам не будуць пастаўляць. Дык вось усе заходнія канцэрны, якія працавалі на германскую ваенную машыну, якія толькі разбагацелі на вайне, павінны да сёмага калена каяцца ў тых злачынствах, якія ўчынілі іх продкі", - перакананы прэм'ер-міністр.
Удзельнікі ўрока памяці ўшанавалі ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, вязняў дзіцячага канцлагера ў Чырвоным Беразе.
Вялі ўрок настаўнік Доўскай сярэдняй школы Рагачоўскага раёна, пераможца рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў "Настаўнік года Беларусі - 2023" Сяргей Шамінскі і дырэктар Антонаўскай сярэдняй школы Жлобінскага раёна Сяргей Гарошка.
Урокам у Чырвоным Беразе дадзены старт патрыятычнай акцыі "Караблік надзеі", якая прадоўжыцца аж да Дня Перамогі. А эстафету ўрока "Лёсы дзяцей вайны" пяроймуць ва ўсіх установах адукацыі Гомельскай вобласці.-0-
Фота Сяргея Халадзіліна