Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
15 сакавіка 2024, 17:51

Галоўчанка: меры ў адказ на дзеянні Літвы не паўплываюць на беларускую эканоміку і спажыўцоў

Раман Галоўчанка
Раман Галоўчанка
15 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Меры ў адказ на недружалюбныя дзеянні Літвы не паўплываюць на беларускую эканоміку і спажыўцоў. Аб гэтым заявіў журналістам прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Беларусь увяла меры ў адказ на недружалюбныя дзеянні Літвы па закрыцці двух пунктаў пропуску. "Размова ідзе аб дзвюх пастановах урада, якія ўводзяць забароны. Першая з іх датычыцца прадукцыі з Літвы, гэта ў асноўным харчовая група. У год мы імпартавалі яе на невялікую суму - каля  $5-6 млн. Упэўнены, што забарона ніяк не паўплывае на нашу эканоміку, на спажывецкі рынак. А тым, хто не можа абысціся без літоўскай шакаладкі, не давядзецца цярпець. На фізічных асоб і тавары для асабістага карыстання дзеянне абедзвюх пастаноў не распаўсюджваецца", - звярнуў увагу Раман Галоўчанка.

Другая пастанова ўводзіць абмежаванні на пастаўкі прамысловых партый тавараў. "Усяго іх было ўвезена ў Беларусь у мінулым годзе на суму каля $150 млн у аб'ёме каля 60 тыс. т. Але гэта не значыць, што гэтыя грузы не трапяць да нас. Яны проста пойдуць па іншым лагістычным маршруце - праз Латвію, Польшчу. Забарона распаўсюджваецца на іх увоз толькі праз беларуска-літоўскі ўчастак граніцы", - адзначыў прэм'ер-міністр.

"Рашэнне аб мерах у адказ абсалютна выверанае, падлічанае, яно рыхтавалася групамі экспертаў. Ні людзі, ні рынак гэтага не адчуюць", - падкрэсліў кіраўнік урада.

Як паведамлялася, урад дапоўніў пералік тавараў, забароненых да ўвозу і рэалізацыі на тэрыторыі Беларусі. Адпаведныя змяненні ўнесены ў пастанову Саўміна ад 6 снежня 2021 года нумар 700. У прыватнасці, у гэты пералік уключаны асобныя тавары, якія паходзяць з Літвы: малако і вяршкі згушчаныя, фрукты і арэхі, кава, сокі фруктовыя, воды, воцат, калготкі, гольфы, шкарпэткі і іншыя панчошна-шкарпэтачныя вырабы, асобныя будаўнічыя вырабы, халадзільнікі і маразільнікі.

Урад Беларусі таксама ўвёў забарону на ўвоз асобных тавараў праз беларуска-літоўскі ўчастак дзяржграніцы. Забаронены да ўвозу для рэалізацыі і спажывання на тэрыторыі Беларусі наступныя тавары: воды, піва, віны, сусла вінаграднае, вермуты, іншыя зброджаныя напіткі, спірт этылавы, воцат, шыны і пакрышкі пнеўматычныя рызінавыя, адзенне і іншыя вырабы, былыя ва ўжыванні, а таксама былыя ва ўжыванні часткі і прылады транспартных сродкаў.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі