Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
16 красавіка 2022, 17:03

ФПБ прапануе рэалізаваць новы маштабны праект на Кургане Славы

16 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. ФПБ прапануе рэалізаваць новы маштабны праект на Кургане Славы. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе ФПБ.

Дэталі ідэі старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Міхаіл Орда абмеркаваў з прафсаюзным актывам у час рэспубліканскага суботніка, які па традыцыі прафсаюзы правялі на мемарыяльным комплексе.

Добраўпарадкаванне Кургана Славы - адна са значных ініцыятыў нацыянальнага прафцэнтра. Прафсаюзы ўжо больш за 10 гадоў шэфствуюць над адным з галоўных сімвалаў Перамогі. І сёння пры падтрымцы ФПБ мемарыял прадаўжае развівацца, захоўваючы памяць аб усіх, хто ваяваў за нашу краіну.

"Вельмі радуе тое, што тут, на Кургане Славы, практычна заўсёды ёсць людзі. І ў будныя дні, і тым больш у выхадныя. Сем'і з дзецьмі, арганізаваныя групы, і дарослыя, і школьнікі. Гэта сведчыць аб тым, што для беларусаў гістарычная памяць, памяць аб Вялікай Айчыннай вайне вельмі важная, - падкрэсліў Міхаіл Орда. - Але, на жаль, мы бачым, што ў некаторых краінах свядома заціраюць гэту памяць і скажаюць праўду. Бачым, як са злачынцаў робяць герояў і наадварот. Паглядзіце, суседняя Польшча. На дзяржаўным узроўні яны прынялі рашэнне знесці 60 помнікаў тым, хто змагаўся з нацызмам. Удумайцеся толькі, гэта помнікі і самім палякам, якія вызвалялі Польшчу ад фашыстаў. Помнікі тым людзям, якія аддалі свае жыцці за тое, каб у прынцыпе сёння была Польшча і палякі. Для любога нармальнага чалавека памяць аб сваёй гісторыі, аб сваіх каранях, аб тых, хто цаной свайго жыцця захаваў будучыню для краіны і людзей, - гэта святое. І я перакананы, што захаванне гэтай памяці - справа не толькі дзяржавы. Гэта справа кожнага чалавека, кожнага грамадзяніна - расказаць і паказаць дзіцяці праўду аб гэтай вайне, дапамагчы аднавіць і захаваць помнік. І самае галоўнае - проста памятаць".

Прафсаюзы са свайго боку ўносяць вялікі ўклад у гэту работу. Напрыклад, на Кургане Славы работы па добраўпарадкаванні вядуцца пастаянна.

"Штосьці прыводзім у парадак, штосьці абнаўляем, праводзім знакавыя мерапрыемствы. І практычна кожны год стараемся зрабіць штосьці новае, каб людзі, якія сюды прыязджаюць, не проста падняліся на вяршыню Кургана, а маглі ўбачыць, даведацца праўдзівую інфармацыю аб той страшнай вайне, - адзначыў старшыня Федэрацыі прафсаюзаў. - Цяпер мы прапануем рэалізаваць тут новы маштабны праект - стварыць на тэрыторыі Кургана Славы выставачны дыярамны комплекс".

Як расказаў Міхаіл Орда, гэты праект нацэлены на тое, каб расказаць наведвальнікам мемарыяльнага комплексу аб аперацыі "Баграціён", якая праходзіла менавіта ў гэтых месцах і стала пачаткам вызвалення Беларусі. Экскурсія па комплексе раскажа аб гераічных подзвігах, чалавечых лёсах, рашаючых бітвах. Гэта будуць рэальныя гісторыі, беражліва сабраныя ў адзіную кампазіцыйную думку.

"На гэтым этапе ў нас распрацаваны эскізны праект гэтай ідэі. Але, безумоўна, ён яшчэ будзе абмяркоўвацца. Мы вынесем яго на разгляд Рэспубліканскага савета па гістарычнай палітыцы. Прапрацуем са спецыялістамі, каб у выпадку яго рэалізацыі не была ў цэлым парушана кампазіцыя ўсяго комплексу, - дадаў Міхаіл Орда. - На сённяшні дзень мы бачым, што гэты выставачны комплекс можа быць выкананы ў форме пяціканцовай чырвонай зоркі. І размясціць будынак прапануем такім чынам, каб кожны чалавек, які прыязджае на мемарыял, непасрэдна да Кургана Славы праходзіў праз гэты выставачны комплекс. Ну і самае важнае - яго напаўненне. Мы прапануем стварыць у гэтым комплексе сучасныя дыярамныя кампазіцыі, якія фактычна пераносяць чалавека ў падзеі тых дзён. Па сваёй задуме, гэта ўзнаўленне ў рэальным маштабе розных сітуацый аперацыі "Баграціён". Гэта значыць праходзячы праз будынак музея, чалавек фактычна зможа акунуцца ў тую ці іншую сітуацыю, каб адчуць, як яно было на самай справе. І на наш погляд, было б вельмі сімвалічна рэалізаваць гэты праект да 80-годдзя Вялікай Перамогі".

Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі на пастаяннай аснове займаецца захаваннем гістарычнай памяці і аднаўленнем культурна-гістарычнай спадчыны нашай краіны. Напрыклад, у мінулыя гады на Кургане Славы ў музеі пад адкрытым небам сіламі прафсаюзаў былі ўстаноўлены два новыя экспанаты - легендарныя баявая машына "Кацюша" і самалёт "ІЛ-2". Пастаянная работа вядзецца і ў рэгіёнах. Прафсаюзныя арганізацыі па ўсёй рэспубліцы сумесна з працоўнымі калектывамі, моладдзю, ветэранскімі арганізацыямі праводзяць планамерную работу па добраўпарадкаванні знакавых і памятных мясцін.

Напрыклад, у гэтым годзе ў час суботніка прафсаюзны актыў Пружанскага раёна наводзіў парадак на брацкай магіле часоў Вялікай Айчыннай вайны. У Івацэвіцкім раёне суботнік з удзелам прафактыву адбыўся ва ўрочышчы Гута-Міхалін каля манумента на брацкіх могілках воінаў і партызан, загінулых у баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. На Гомельшчыне работы праводзіліся на мемарыяльным комплексе "Партызанская крынічка". Шэраг памятных мясцін часоў вайны прыведзены ў парадак у Мінскай вобласці. Так, у Маладзечанскім раёне прадстаўнікі прафсаюзаў арганізавалі прыбіранне тэрыторыі помніка землякам, якія загінулі ў гады ВАВ, у вёсцы Мясата. У Слуцкім раёне добраўпарадкавалі тэрыторыю каля памятнага знака воінам-землякам у Заполлі. У Чэрвеньскім - мемарыяльны комплекс "Папова Града".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі