Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
15 студзеня 2020, 15:00

Эксперты занепакоены недасканаласцю тэхналогій распазнавання deepfakes

15 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Эксперты занепакоены недасканаласцю тэхналогій распазнавання deepfakes. Размова аб гэтым ішла ў час чарговага пасяджэння праекта "Экспертнае асяроддзе" - "Deepfakes: новы выклік інфармацыйнай бяспецы" ў прэс-цэнтры БЕЛТА.

Аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (БІСД) Віталь Дзяміраў падкрэсліў, што ўздзеянне deepfakes і fake news на палітыку, грамадства, бізнес становіцца больш адчувальным, а новыя тэхналогіі, якія спрабуюць узмацніць гэты эфект, - больш прыкметнымі. "У той жа час цяпер пакуль няма завершаных тэхрашэнняў, якія дапамагалі б распазнаваць deepfakes", - выказаў занепакоенасць эксперт. Калі яны з'явяцца, важна, каб распазнаванне такіх ролікаў ішло даволі хутка. Калі выяўленне будзе спазняцца, то відэа паспее выклікаць эфект у сацсетках.

Паводле слоў Віталя Дзямірава, для стварэння фэйкавых ролікаў не патрэбна глыбокіх ведаў у праграмаванні. "Ужо ёсць пакет гатовых праграм, з дапамогай якіх шляхам пэўных маніпуляцый можна гэта рабіць", - сказаў ён. Працэс пакуль даволі доўгі па часе. Напрыклад, на мантаж 40-секунднага відэа цяпер можа ісці тыдзень і больш. "Для роліка такой даўжыні сярэдняй якасці можа спатрэбіцца, умоўна кажучы, віртуальная машына з чатырма відэакарткамі, кожная з якіх павінна быць прыкладна на 8-16 ГБ. Зразумела, што для простага чалавека гэта пакуль не вельмі даступна", - адзначыў аналітык БІСД. Урэшце, пры жаданні далучыцца можа любы, былі б грошы і час. Акрамя таго, эксперты прагназуюць, што, як і любыя іншыя тэхналогіі, гэта таксама з часам будзе таннець і станавіцца прасцейшай у выкарыстанні.

Deepfakes - тэхналогіі штучнага сінтэзу выявы чалавека, заснаваныя на выкарыстанні нейрасетак і штучнага інтэлекту (ШІ), якія даюць магчымасць ствараць высокарэалістычныя фота- і відэа людзей або мадыфікаваць фота- і відэаматэрыялы. Яскравым прыкладам служыць ролік, дзе экс-прэзідэнт ЗША Барак Абама зневажальна паводзіць сябе адносна цяперашняга амерыканскага лідара Дональда Трампа. Відэа з'явілася ў красавіку 2018 года на рэсурсе BuzzFeed. У канцы стваральнікі расказваюць, што гэта падробка, паказваючы магчымасці тэхналогій стварэння фэйкавых навін.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі