ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Нядзеля, 5 красавіка 2020
Мінск Пераменная воблачнасць +9°C
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
05 лютага 2020, 14:01

Эксперты расказалі, якім павінен быць горад-драйвер рэгіянальнага росту

5 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Удзельнікі чарговага пасяджэння праекта "Экспертнае асяроддзе" ў прэс-цэнтры БЕЛТА абмеркавалі, якім у ідэале павінен быць горад-драйвер рэгіянальнага росту.

Тэмай пасяджэння на гэты раз стала выкананне даручэнняў кіраўніка дзяржавы аб паскораным развіцці 11 гарадоў і раёнаў з колькасцю насельніцтва 80 тыс. чалавек і больш - "11 цэнтраў прыцягнення. Рэгіянальныя драйверы росту". Дырэктар Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (БІСД) Алег Макараў прапанаваў экспертам змадэляваць ідэальны горад-драйвер рэгіянальнага росту або прывесці канкрэтныя прыклады, калі яны ёсць.

Аналітык БІСД Андрэй Чарнабай адзначыў, што кожны з 11 гарадоў і раёнаў мае сваю прамысловую спецыфіку, і з гэтага пункту гледжання скласці іх агульны вобраз вельмі складана. "Але па гэтых гарадах і рэгіёнах мы павінны выйсці на сярэдні па рэспубліцы ўзровень заработнай платы. Гэта першае. А другое - сацыяльныя стандарты ў адукацыі, ахове здароўя і г.д. Яны павінны быць дакладна вытрыманы па гэтых гарадах", - лічыць ён.

Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Міхаіл Русы згадзіўся з такім меркаваннем. "Гэта павінен быць бездатацыйны горад, які забяспечвае павышаныя стандарты пражывання людзей", - дадаў ён.

У час круглага стала абмяркоўвалася роля мясцовых улад у развіцці рэгіёнаў, якія ў іх ёсць магчымасці для гэтага, у тым ліку з фінансавага пункту гледжання. "Пытанне па мясцовым кіраванні і самакіраванні будзе атрымліваць пастаяннае развіццё. Думаю , што чарговы крок будзе зроблены ў самы кароткі час, - анансаваў сенатар. - Нам дадзены даручэнні. Мы працуем з рознымі варыянтамі". У Беларусі больш як 18 тыс. дэпутатаў мясцовых Саветаў рознага ўзроўню. "Людзі ўсе падрыхтаваныя. Гэта своеасаблівы рэзерв - кадраў і развіцця тэрыторый", - рэзюмаваў парламентарый.

Як паведамлялася, распрацаваць па 11 вялікіх гарадах на прыкладзе Оршы асобныя праграмы, якія забяспечаць паскораныя тэмпы развіцця, Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка даручыў у час Паслання беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу 19 красавіка 2019 года. Кіраўнік дзяржавы даў ураду, старшыням аблвыканкамаў два гады на рэалізацыю гэтых праграм. Размова ідзе аб забеспячэнні раўнамернага развіцця тэрыторый, скарачэнні разрыву ва ўзроўні і якасці жыцця насельніцтва ў рэгіёнах за кошт паскоранага сацыяльна-эканамічнага развіцця адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак з колькасцю насельніцтва 80 тыс. чалавек і больш (гарады Баранавічы, Пінск, Наваполацк, Бабруйск, раёны - Полацкі, Мазырскі, Лідскі, Барысаўскі, Маладзечанскі і Салігорскі).-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі