Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
18 студзеня 2021, 10:35

ЕАБР гатовы прафінансаваць стварэнне вытворчасцей вакцын ад COVID-19 у краінах ЕАЭС

18 студзеня, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Еўразійскі банк развіцця (ЕАБР) выказаў гатоўнасць прафінансаваць стварэнне на тэрыторыях краін Еўразійскага эканамічнага саюза вытворчасцей вакцын ад COVID-19. Аб гэтым у інтэрв'ю карэспандэнту БЕЛТА паведаміў дырэктар Дэпартамента прамысловай палітыкі Еўразійскай эканамічнай камісіі Мікалай Кушнароў.

"Развіццё сумесных вытворчасцей вакцыны было таксама адной з тэм абмеркавання на сустрэчы члена Калегіі (міністра) па прамысловасці і аграпрамысловым комплексе ЕЭК Артака Камаляна з кіраўніцтвам Еўразійскага банка развіцця ў снежні 2020 года. Прадстаўнікі банка выказалі гатоўнасць аказаць фінансавую падтрымку стварэнню вытворчасцей вакцыны на тэрыторыях краін саюза", - сказаў Мікалай Кушнароў.

Прадстаўнік ЕЭК упэўнены, што ЕАЭС зможа ўласнымі сіламі абараніць жыхароў краін саюза вакцынамі ад каранавіруса. "Сцвярджаць так ёсць усе падставы, - падкрэсліў ён. - На гэты час падпісаны ўжо шэраг пагадненняў і мемарандумаў аб узаемадзеянні ў сферы стварэння сумесных вытворчасцей Расіі з Беларуссю і Казахстанам, наладжаны трансфер адпаведных тэхналогій. Як вы ведаеце, Расія ўжо наладзіла выпуск уласных вакцын. Чакаецца, што ў гэтым квартале вытворчасць вакцыны ад каранавіруса пачнецца ў Беларусі. Таксама Расійскі фонд прамых інвестыцый (РФПІ) сумесна з казахстанскім бокам цяпер прапрацоўвае пытанне стварэння новага сумеснага прадпрыемства па вытворчасці вакцын у Карагандзе".

"Акрамя таго, прамысловым блокам камісіі і РФПІ актыўна абмяркоўваецца пытанне аб уключэнні ў развіццё сумесных вытворчасцей фармвытворцаў Арменіі і Кыргызстана. Аб тэрмінах і формах супрацоўніцтва пакуль гаварыць рана - у бліжэйшы час яшчэ трэба правесці шэраг нарад для ўдакладнення дэталей. Аднак усе бакі-ўдзельнікі разумеюць важнасць аператыўнага вырашэння гэтай задачы, таму можна быць упэўненым, што ў хуткім часе ўсе пытанні будуць узгоднены", - дадаў Мікалай Кушнароў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі