Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
29 сакавіка 2024, 12:31

Дзіцячы хор - пагроза нацбяспецы Літвы? Што вядома аб сітуацыі з аўтобусам з малдаўскімі дзецьмі

Фота Unsplash
Фота Unsplash
Польскія і літоўскія пагранічнікі практычна двое сутак не прапускаюць праз граніцу аўтобус з дзіцячым музычным калектывам з Малдовы. Кіраўнік хору паведаміла, што аўтобус ахоўвалі "аўтаматчыкі", дзяцей нават не выпускалі ў прыбіральню. Беларускі бок працуе ўжо над тым, каб аказаць дапамогу пасажырам аўтобуса, перш за ўсё забяспечыць дзяцей гарачым харчаваннем.

"Нас ахоўваюць аўтаматчыкі". Што расказала кіраўнік хору


Дзеці выступілі спачатку ў Польшчы, а потым у Мінску. Аднак спробы вярнуцца назад дадому ў Малдову на гэтым жа аўтобусе не ўвянчаліся поспехам. У праездзе адмовілі спачатку польскія, а затым літоўскія пагранічнікі, пратрымаўшы дзяцей на граніцы ўсю ноч. Аб гэтым у запісаным відэа расказала кіраўнік музычна-харавой студыі "Рапсодыя" заслужаная артыстка Малдовы Наталля Барабаншчыкава, якая знаходзіцца ў аўтобусе з дзецьмі.

"Спачатку мы паспрабавалі выехаць з Брэста ў бок Польшчы. Польшча нас не пусціла. Існуе нейкі закон, аб якім ніхто не ведае ў нас у краіне (у Малдове. - Заўвага БЕЛТА), што мы не можам (праехаць. - Заўвага БЕЛТА) як транзітныя пасажыры: паколькі мы не рэйсавы аўтобус, мы не можам выехаць з Беларусі. Наша пасольства параіла нам праехаць праз Літву, што тут гэта магчыма. Мы вяртаемся з гэтай граніцы з Літвы, якая нас вяртае назад у Беларусь. Вярнуцца ў Малдову мы не можам ніяк. Нас ахоўваюць аўтаматчыкі. Дзеці хочуць у туалет. Нікога не выпускаюць. Дапамажыце нам, парайце нам і проста выратуйце нашых дзяцей", - сказала кіраўнік калектыву.

Між тым малдаўскае выданне "Правда" паведаміла, што аўтобусу з дзецьмі было адмоўлена ў транзіце, паколькі калектыў нібыта ўяўляе "пагрозу" для Літвы. Пазней выданне паведаміла, што вадзіцелю аўтобуса "адмоўлена ва ўездзе з-за пагрозы бяспецы Літвы".

Выданне таксама ўдакладніла, што музычна-харавая студыя "Рапсодыя" 22 сакавіка правяла выступленне ў Варшаве, потым адправілася з канцэртнай праграмай у Беларусь. Пасля выступлення ў Мінску дзіцячы хор павінен быў вярнуцца ў Малдову транзітам праз Польшчу. Аднак польскія пагранічнікі не прапусцілі аўтобус на сваю тэрыторыю, матывуючы гэта забаронай на ўезд з тэрыторыі Расіі і Беларусі.

"Галоўная пагроза літоўскай дзяржаўнасці". Як адрэагавалі дыпламаты

"Цяпер мы ведаем галоўную пагрозу літоўскай дзяржаўнасці! Дзіцячы музычны калектыў... Дарэчы, у СНД, а тым больш у Саюзнай дзяржаве такое ўявіць немагчыма. Можа, варта задумацца?" - гаворыцца ў паведамленні блізкага да прэс-службы МЗС Беларусі Telegram-канала "Голас МЗС".

Крыніцы, блізкія да МЗС, заявілі БЕЛТА, што беларускі бок гатовы аказаць малдаўскім партнёрам магчымае і неабходнае садзейнічанне.

У той жа час у пасольстве Малдовы ў Беларусі паведамілі ТАСС, што прадстаўнікі дыппрадстаўніцтва ўжо знаходзяцца на беларуска-літоўскай граніцы.

Малдаўскае выданне "Правда" праінфармавала, што пасля ўмяшання малдаўскай дыпмісіі ў Мінску і Вільнюсе дзецям усё ж прынеслі ваду, яблыкі і дазволілі схадзіць у прыбіральню.

З тлумачэннямі выступіла і малдаўскае МЗС. Там заявілі, што ўлады Літвы не прапускаюць аўтобус з дзіцячым хорам з-за адсутнасці ліцэнзіі ў перавозчыка, паведамляе ТАСС.

"Згодна з пастановай урада Літвы аб рэжыме перасячэння граніцы, аўтобусу не дазволілі праехаць з-за адсутнасці ліцэнзіі перавозчыка. Пасольства Рэспублікі Малдова ў Вільнюсе знаходзіцца ў пастаянным кантакце з пагранічнымі ўладамі Літвы, каб садзейнічаць хуткаму вырашэнню сітуацыі і атрыманню неабходных дазволаў у самыя кароткія тэрміны. Бяспека нашых грамадзян з'яўляецца нашай галоўнай задачай, і мы імкнёмся забяспечыць неадкладнае перасячэнне імі граніцы", - гаворыцца ў паведамленні МЗС Малдовы.

"Дзяцей забралі з аўтобуса". Што робяць беларускія ўлады

Мясцовыя ўлады ў Гродзенскай вобласці, прадстаўнікі грамадскасці таксама ў курсе сітуацыі і працуюць ужо над тым, каб аказаць дапамогу пасажырам аўтобуса, на першым этапе забяспечыць іх гарачым харчаваннем.

"Дзецям, безумоўна, будзе аказана ўся неабходная дапамога. Ужо цяпер іх забралі з аўтобуса. Яны не павінны знаходзіцца ў такіх умовах, нягледзячы ні на якія палітычныя рашэнні літоўскага боку. На гэты момант дзеці накіроўваюцца ў адну са школ Ашмянскага раёна, дзе для іх прыгатавана ўжо гарачае снеданне", - сказаў начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Руслан Абрамчык.

Паводле слоў начальніка галоўнага ўпраўлення адукацыі аблвыканкама, дзецям прадаставяць магчымасць прыняць душ, выдзеляць памяшканні і ўсё неабходнае для адпачынку, каб яны маглі паспаць, пры неабходнасці - рэчы. "Сістэма адукацыі акажа ўсю неабходную падтрымку. У тым ліку будзе аказана пры неабходнасці медыцынская, псіхалагічная дапамога", - дадаў Руслан Абрамчык.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі