Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
26 сакавіка 2024, 16:32

Для абітурыентаў з залатым медалём пашыраны магчымасці паступлення ў рэгіянальныя ВНУ

Фота з архіва
Фота з архіва
26 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі пашыраны магчымасці паступлення абітурыентаў з залатым медалём і чырвоным дыпломам каледжа ў рэгіянальныя ВНУ. Аб гэтым журналістам паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей Пішчоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Гэта катэгорыя паступаючых цяпер мае магчымасць без уступных іспытаў паступіць практычна на ўсе спецыяльнасці ў рэгіянальныя ВНУ за выключэннем пэўнага пераліку, у які ўваходзяць медыцынскія спецыяльнасці, правазнаўства, міжнародныя адносіны і некаторыя іншыя. З падрабязным пералікам можна азнаёміцца як у правілах прыёму, так і на інфармацыйных рэсурсах устаноў адукацыі", - расказаў Сяргей Пішчоў.

У сталічныя ВНУ без уступных іспытаў медалісты і ўладальнікі чырвоных дыпломаў каледжаў змогуць паступіць, як і ў мінулым годзе, на спецыяльнасці, якія ўваходзяць у спіс найбольш запатрабаваных. "З гэтага года пералік у нас таксама пашыраны. У яго цяпер уваходзяць каля 70 спецыяльнасцей - тых, у якіх мае вострую патрэбу эканоміка і сацыяльная сфера нашай краіны", - дадаў ён.

Асноўны прыём абітурыентаў у ВНУ пройдзе ў ліпені, завершыцца ён у першых чыслах жніўня залічэннем на платную форму атрымання адукацыі. Асноўнае змяненне гэтага года адбылося ў паступленні абітурыентаў на завочную форму атрымання адукацыі. "З гэтага года пры паступленні на завочную поўную форму атрымання адукацыі як за кошт сродкаў бюджэту, так і на платнай аснове выпускнікі школ павінны будуць мець стаж працоўнай дзейнасці па выбраным профілі. Выпускнікі каледжаў акрамя профільнай адукацыі павінны быць працаўладкаваны па адпаведным профілі, тут патрабаванняў адносна стажу на пэўным месцы работы няма", - праінфармаваў Сяргей Пішчоў.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі