Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
05 сакавіка 2021, 18:50

Дапамога прафсаюзаў у пандэмію і цэны на лякарствы: ФПБ і Міністэрства аховы здароўя выпрацавалі механізмы ўзаемадзеяння

5 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У штаб-кватэры нацыянальнага прафцэнтра прайшла сустрэча прадстаўнікоў Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі і Міністэрства аховы здароўя. Галоўныя тэмы абмеркавання - дапамога прафсаюзаў медыцынскім работнікам і ўстановам аховы здароўя ва ўмовах пандэміі і кантроль за цэнамі на лякарствы. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе ФПБ.

Выплаты медыкам у выпадку хваробы, садзейнічанне ў забеспячэнні сродкамі індывідуальнай аховы, вырашэнне пытанняў, выкліканых неспрыяльнай эпідсітуацыяй, на заканадаўчым узроўні - усё гэта рэалізавалі прафсаюзы менш чым за год. Так, напрыклад, больш за 6 тыс. медработнікаў, якія перанеслі COVID-19, атрымалі дадатковыя выплаты. Гэта салідарная дапамога ўсіх галіновых прафсаюзаў. Агульная сума выплат - звыш Br4 млн. Акрамя таго, ва ўсіх рэгіёнах прафсаюзы закуплялі сродкі індывідуальнай аховы - ад масак і бахіл да ахоўных касцюмаў. Толькі непасрэдна ФПБ перадала ў бальніцы больш за 28 тыс. такіх касцюмаў.

Асобная тэма для прафсаюзаў у гэты перыяд - удасканаленне заканадаўства па тых пытаннях, якія ўзнікалі на практыцы ў сувязі з пандэміяй. У прыватнасці, прафсаюзы дабіліся прыняцця нормы, якая дазваляе работнікам браць тры дні выхадных без бальнічнага ў выпадку першых прыкмет віруснай інфекцыі. Таксама па ініцыятыве ФПБ быў скарэкціраваны парадак прадастаўлення льготнага крэдыту на атрыманне першай вышэйшай адукацыі. З гэтай праблемай сутыкнуліся ў першую чаргу медыцынскія работнікі. У сувязі з дадатковымі выплатамі за работу з пацыентамі, хворымі на каранавірусную інфекцыю, яны страчвалі права на атрыманне такога крэдыту для сваіх дзяцей. Паколькі гэтыя выплаты не маюць рэгулярнага характару, прафсаюзы настаялі на тым, што яны не павінны ўлічвацца пры прадастаўленні крэдыту.

"Безумоўна, ва ўмовах распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі нагрузка на ўстановы аховы здароўя, медыцынскіх работнікаў значна ўзрасла. У гэтых умовах дапамога прафсаюза была і застаецца вельмі своечасовай і актуальнай, - падкрэсліў міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч. - Гэта наш сацыяльны партнёр. Узаемадзеянне дазволіла нам атрымліваць зваротную сувязь і ведаць аб тым, чым дыхаюць нашы калектывы, якія пытанні хвалююць работнікаў, дазволіла разам вырашаць надзённыя праблемы. Прафсаюз сапраўды з'яўляецца правадніком інтарэсаў супрацоўнікаў. Разам з прафсаюзамі ў першыя ж месяцы, калі пачалася пандэмія, былі адкрыты гарачыя лініі, праводзілася работа ў калектывах. Менавіта прафсаюзы інфармавалі Міністэрства аховы здароўя аб тым, дзе работнікі не ў поўнай меры атрымлівалі сродкі індывідуальнай аховы або дэзсродкі. Спадзяюся, што прафсаюзы прадоўжаць аказваць неабходную дапамогу як самім работнікам, так і ўстановам аховы здароўя".

Як падкрэсліў старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Міхаіл Орда, галоўная задача - своечасова падтрымаць людзей. "Многія ініцыятывы нам ужо ўдалося рэалізаваць. Але ёсць тэмы, якія патрабуюць далейшай прапрацоўкі. Напрыклад, у мінулым годзе прафсаюзы выступілі з ініцыятывай дадатковага страхавання медыкаў. Размова ў гэтым выпадку ідзе аб страхаванні прафесійных рызык і страхаванні ад неправамерных дзеянняў трэціх асоб. На сёння падрыхтаваны ўжо адпаведны праект дакумента. Мы лічым, што гэта пытанне неабходна аператыўна вырашаць: як паказвае практыка, гэта актуальная тэма для медыцынскіх работнікаў", - сказаў ён.

Прафсаюзы таксама прадоўжаць актыўна ўзаемадзейнічаць з міністэрствам па пытанні цэнаўтварэння на лякарствы. З 1 сакавіка прафсаюзы праводзяць штотыднёвы маніторынг цэн. У кожным раёне і горадзе аналізуецца кошт і наяўнасць лекавых сродкаў па 50 пазіцыях. Дарэчы, першыя вынікі маніторынгу паказалі, што ў большасці выпадкаў у аптэках рэспублікі ёсць практычна ўсе з пераліку лякарствы, якія карыстаюцца павышаным попытам у насельніцтва. Адсутнасць якога-небудзь лекавага сродку не мае масавага характару. Для таго каб у далейшым аператыўна вырашаць магчымыя праблемныя пытанні, ФПБ і Міністэрства аховы здароўя выпрацавалі механізм узаемадзеяння па абмене інфармацыяй, сумеснай рабоце для ўдасканалення заканадаўства аб цэнаўтварэнні на лякарствы.

Акрамя таго, ФПБ параўнала кошт асобных запатрабаваных лекавых сродкаў у Беларусі і суседніх краінах. Па некаторых пазіцыях лякарстваў аднаго і таго ж наймення і вытворцы ў нашай краіне цэны аказаліся істотна вышэйшымі, чым ва Украіне, Казахстане, Расіі. Як было адзначана ў час сустрэчы, Міністэрства аховы здароўя аналізуе прычыны такой розніцы, выпрацоўваюцца сістэмныя рашэнні для ўраўнаважвання цэн.

Праводзіцца комплексная работа па змяншэнні кошту найбольш запатрабаваных лякарстваў. "Зніжаюцца прымяняльныя надбаўкі, у аптэчнай сетцы робяцца скідкі, вядуцца перагаворы з вытворцамі аб зніжэнні кантрактнай цаны. Разам з тым на сёння застаюцца пытанні заканадаўчага характару. Іх вырашэнне дасць магчымасць спрасціць выхад на беларускі рынак лекавых сродкаў з-за мяжы, а таксама знізіць іх кошт", - дадалі ў ФПБ.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі