21 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Напярэдадні калядных і навагодніх свят чатыры самыя шматлікія канфесіі Беларусі падпісалі зварот аб міры, паведамляе БЕЛТА.
"Набліжаюцца радасныя святочныя дні, якія заўсёды адзначаюцца ў нашай краіне ў духу міру, узаемапавагі і добрасуседства. Шлях да міру і згоды быў доўгім, праз смуту і выпрабаванні. Жахі войнаў і хаос супрацьстаяння, якія пачыналіся са спрэчак аб ісціне, пераканалі нашых продкаў, што мір на зямлі, дзе Богам наканавана жыць разам людзям розных нацыянальнасцей, рэлігій і поглядаў, ёсць самая галоўная задача і ўрок чалавечага жыцця. Таму нашу продкі будавалі храмы на адных вуліцах, разам абаранялі Радзіму, - гаворыцца ў звароце. - Кожны з нас ведае, каб любіць Бога, трэба навучыцца любіць чалавека. У гісторыі было шмат людзей, якія сваёй дабрынёй ратавалі іншаверцаў, людзей іншых перакананняў. Наша сучасная гісторыя багата на шматлікія прыклады шчырага ахвяравання дзеля таго, хто побач".
Як адзначаецца ў сумесным звароце чатырох канфесій да беларусаў, адзіным для ўсіх рэлігій з'яўляецца паняцце міру і любові да блізкага. "Значыць ва ўсіх нас, такіх розных, ёсць агульнае, што можа дапамагчы ўбачыць у няпрыяцелі або варагуючым супраць нас не ворага, а блізкага. Дабрынёй і любоўю да Бога, яднаннем сеецца мір на зямлі, але найперш ён пасяляецца ў адкрытым і чыстым ад граху сэрцы асобнага чалавека. Мудрасць нашых продкаў вучыць нас жыць з малітвай да Бога, з шанаваннем бацькоў і старэйшых, з клопатам пра дзяцей і маючых у гэтым патрэбу, з павагай да блізкага і любоўю да нашага агульнага дому, - нагадваюць аўтары звароту. - Завяршаецца каляндарны год, і мы звяртаем наша слова любові з перажываннем да кожнага суайчынніка і заклікаем да міру, даравання і прымірэння; заклікаем забыць крыўды і прадоўжыць будаваць наш агульны дом зноў і разам. Кожны народжаны па благаславенні Бога няхай будзе дастойны быць у ім жаданым жыльцом, суседам, сябрам, сваяком і блізкім чалавекам".
Зварот чатырох канфесій да беларусаў аб міры падпісалі Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Веніямін, апостальскі нунцый, архібіскуп Антэ Ёзіч, старшыня Мусульманскага рэлігійнага аб'яднання ў Беларусі муфтый Абу-Бекір Шабановіч і галоўны равін Аб'яднання іўдзейскіх рэлігійных абшчын Дойч Шнэер Заламан.-0-