Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
20 кастрычніка 2020, 09:29

Больш за 96 тыс. дрэў і кустоў высадзілі ў населеных пунктах Беларусі за два тыдні

20 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Больш за 96 тыс. дрэў і кустоў высадзілі ў населеных пунктах Беларусі за два тыдні - з 2 па 16 кастрычніка, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

"Мінпрыроды для прыцягнення ўвагі да навядзення парадку на зямлі і беражлівага стаўлення да прыроды ў Год малой радзімы праводзіць глабальную экалагічную кампанію "Добраўпарадкуем малую радзіму". Па ініцыятыве міністэрства з 2 кастрычніка па 2 лістапада ў Беларусі праходзіць месячнік па асенняй пасадцы дрэў і кустоў у населеных пунктах. З 2 па 16 кастрычніка высаджана больш за 96 тыс. дрэў і кустоў", - расказалі ў прэс-службе.

Напрыклад, супрацоўнікі Магілёўскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя пры падтрымцы прыродаахоўных службаў і арганізацый рэгіёна, а таксама па прапановах грамадзян пасадзілі 22 470 дрэў і кустоў. У Мінскай вобласці высадзілі 18 226 раслін, у Брэсцкай - 12 757. Да акцыі далучыліся Віцебск і ўсе раённыя цэнтры Віцебскай вобласці: там пасаджана 15 943 дрэвы і кусты. У месячніку актыўна ўдзельнічалі таксама Гродзенская вобласць і Мінск. "Найбольшую актыўнасць у асенняй пасадцы дрэў і кустоў праявілі жыхары Гомельскай вобласці: 2 342 чалавекі выказалі жаданне паўдзельнічаць у месячніку па азеляненні. З іх дапамогай прыродаахоўныя ведамствы рэгіёна пасадзілі 13 537 дрэў і 3 542 кусты", - адзначылі ў Мінпрыроды.

Першая глабальная экалагічная кампанія "Добраўпарадкуем малую радзіму" пад эгідай Мінпрыроды стартавала вясной 2018 года. Асноўная яе ідэя заключаецца ў тым, што кожны жыхар або арганізацыя могуць унесці пасільны ўклад у добраўпарадкаванне сваёй малой радзімы - горада, раёна, жылога двара, бліжэйшага парку або сквера. Гэта можа быць прыбіранне смецця, пасадка дрэў або кустоў, афармленне клумбаў, уладкаванне дзіцячай пляцоўкі, афарбоўка агароджы і лавак, арганізацыя кантэйнераў побач з месцамі, дзе выяўлена вялікая колькасць адходаў, падтрыманне ў належным стане і ўладкаванне мемарыяльных комплексаў, месцаў баявой і воінскай славы і г.д. Экалагічная кампанія таксама ўключае правядзенне суботнікаў, экалагічных акцый і іншых мерапрыемстваў па навядзенні парадку і добраўпарадкаванні тэрыторый.

Заяўку на ўдзел у глабальнай экалагічнай кампаніі можна падаць па тэлефонах або адрасах электроннай пошты, пазначаных на сайтах Мінскага гарадскога і абласных камітэтаў прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі