Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
13 чэрвеня 2019, 19:20

Больш як 7,6 тыс. га тарфянікаў адновяць у Беларусі ў 2019 годзе

13 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі ў 2019 годзе плануецца правесці экалагічную рэабілітацыю больш як 7,6 тыс. га тарфянікаў па праекце ПРААН-ГЭФ "Ветландс", паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі намеснік начальніка ўпраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Кузьміч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Тарфянікі размешчаны ў Вілейскім, Гарадоцкім, Шаркаўшчынскім, Мёрскім, Смаргонскім раёнах. Таксама на балоце Дакудаўскае ў Лідскім раёне апрабуюць новую методыку паскоранага абнаўлення экасістэм.

Раней такая работа праводзілася на тэрыторыі Магілёўскай вобласці. Па праекце, падтрыманым урадам Рэспублікі Карэя і Канвенцыяй ААН па барацьбе з апустыньваннем, адноўлена больш за 1 тыс. га дэградаваных і неэфектыўна асушаных балот. Ключавым мерапрыемствам стала забалочванне асушаных тарфянікаў Наркаўшчына Чэрыкаўскага раёна (383 га) і Печанеж Касцюковіцкага раёна (670 га). У маі бягучага года на тэрыторыі рэгіёна праходзіла маніторынгавая місія прадстаўнікоў сакратарыята Канвенцыі і Міністэрства харчавання, сельскай, лясной гаспадаркі і рыбалоўства Рэспублікі Карэя. Эксперты высока ацанілі намаганні Беларусі па экалагічнай рэабілітацыі парушаных тарфянікаў. Вынікі праекта плануецца прадставіць восенню на канферэнцыі ААН па барацьбе з апустыньваннем, якая пройдзе ў Індыі, расказаў Андрэй Кузьміч.

Рэабілітацыя парушаных балот дапамагае стабілізацыі ўзроўню грунтавых вод, прадухіленню мінералізацыі торфу і высыхання глеб, скарачэнню выкідаў вуглякіслага газу ў атмасферу, зніжэнню рызыкі лясных пажараў, а таксама павелічэнню колькасці рэдкіх відаў флоры і фаўны.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі