Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
25 сакавіка 2024, 19:40

Больш як 1,5 тыс. вучняў прымуць удзел у заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды

Фота з архіва
Фота з архіва
25 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Больш як 1,5 тыс. вучняў прымуць удзел у заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды, паведаміў журналістам намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Алімпіядны рух, рэспубліканская алімпіяда па вучэбных прадметах мае вельмі сур'ёзную традыцыю ў Рэспубліцы Беларусь. У Мінску сёння стартаваў фінал па інфарматыцы, па ўсёй краіне на працягу гэтага тыдня будзе праходзіць заключны этап па 18 вучэбных прадметах", - сказаў Аляксандр Кадлубай, дадаўшы, што спаборнічаць будуць 1524 вучні.

Намеснік міністра нагадаў, што дыплом на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды дае прэферэнцыі пры паступленні ў пэўныя вышэйшыя навучальныя ўстановы. Больш таго, за алімпіяднікамі беларускія ВНУ пачынаюць ганяцца яшчэ з абласнога або Мінскага гарадскога этапаў.

Гаворачы аб узроўні заданняў заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды, Аляксандр Кадлубай заўважыў, што яны адпавядаюць сусветным тэндэнцыям алімпіяднага прадметнага руху. Гэты этап непарыўна звязаны з далейшым удзелам зборнай Беларусі ў міжнародных алімпіядах па тых вучэбных прадметах, па якіх ёсць практыка такіх алімпіяд.

Што датычыцца прэферэнцый для пераможцаў рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, то яны маюць права непасрэднага паступлення ў вышэйшую навучальную ўстанову па адпаведным профілі, заўважыў намеснік міністра.

"Акрамя таго, мы зрабілі істотны крок для падтрымання тых юнакоў і дзяўчат, якія атрымалі дыпломы на трэцім (абласным) этапе. Яны маюць права выбраць сабе тую ці іншую рэгіянальную ВНУ і таксама скарыстацца дыпломам трэцяга этапу для паступлення", - адзначыў Аляксандр Кадлубай.

Заключны этап рэспубліканскай алімпіяды па 18 вучэбных прадметах будзе праходзіць з 25 па 29 сакавіка. Вызначаны населеныя пункты, у якіх будзе праведзены заключны этап алімпіяды па кожным вучэбным прадмеце. У Гродне - па гісторыі; Брэсце - беларускай мове і літаратуры; Дзяржынску Мінскай вобласці - рускай мове і літаратуры; Жодзіне Мінскай вобласці - грамадазнаўстве; Полацку Віцебскай вобласці - англійскай, нямецкай, французскай, іспанскай, кітайскай мовах; Пінску Брэсцкай вобласці - хіміі, біялогіі; Гомелі - матэматыцы, фізіцы, астраноміі; Мінску - інфарматыцы; Віцебску - геаграфіі, фізічнай культуры і здароўі; Жлобіне Гомельскай вобласці - працоўным навучанні.

Алімпіядны рух у Беларусі з'яўляецца адным з самых яркіх складнікаў нацыянальнай сістэмы агульнай сярэдняй адукацыі. Асноўныя мэты алімпіяды - павышэнне цікавасці вучняў да вывучаемых вучэбных прадметах, развіццё іх творчых здольнасцей, паглыбленне тэарэтычных ведаў і практычных уменняў, садзейнічанне самарэалізацыі асобы. Паспяховае выступленне вучняў на рэспубліканскай алімпіядзе патрабуе інтэлектуальнай сталасці, камунікабельнасці, развіцця вуснай і пісьмовай мовы, здольнасці арыентавацца ў незнаёмай абстаноўцы, хутка ацэньваць новую інфармацыю, умення канцэнтравацца на выкананні пастаўленай задачы. Усе гэтыя якасці з'яўляюцца ўмовамі канкурэнтаздольнасці вучняў.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі