
13 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Унікальны беспілотны авіяцыйны комплекс верталётнага тыпу INDELA-I.N.SKY мадыфікацыі BUR беларускай распрацоўкі прыме ўдзел у вучэнні "Захад-2017", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Беларусі.
Упершыню разведвальна-ўдарны беспілотны верталёт кампанія INDELA прадставіла на 8-й міжнароднай выстаўцы ўзбраення і ваеннай тэхнікі MILEX-2017. Ён прымаў удзел і ў парадзе 3 ліпеня.
Беспілотны лятальны апарат (БЛА) прызначаны для агнявой падтрымкі аперацый спецпадраздзяленняў і рэгулярных войскаў, для падаўлення агнявых кропак праціўніка, размешчаных у цяжкадаступных месцах (ва ўкрыццях гарадскога ландшафту, на паверхах будынкаў). Забяспечвае паражэнне жывой сілы праціўніка, лёгкабраніраванай і аўтамабільнай тэхнікі, разбурэнне ўмацаванняў, падаўленне агнявых кропак. Для гэтага апарат аснашчаны крылом з дзвюма канцавымі кропкамі падвескі баявой нагрузкі - малагабарытных гранатамётаў "Бур" або рэактыўных тэрмабарычных выстралаў тыпу РПА ПДМ-А "Чмель-М".
У няўзброенай камплектацыі БЛА можа весці карэкціроўку агню артылерыйскага і ракетнага ўзбраення, разведку мясцовасці або ахову дзяржаўнай граніцы, ажыццяўляючы пры гэтым перадачу каардынат цэлі, а таксама відэаінфармацыі ў бачным і інфрачырвоным дыяпазонах.
Акрамя таго, у вучэнні "Захад-2017" будуць задзейнічаны мадэрнізаваныя БЛА "Беркут-2". У адрозненне ад папярэднікаў, створаных на базе камплектуючых расійскай вытворчасці, мадэрнізаваныя "Беркуты" пераведзены на беларускую аснову. Адначасова з гэтым былі палепшаны характарыстыкі беспілотнікаў і іх надзейнасць.
Нараўне з БЛА ў вучэнні прымуць удзел некалькі станцый радыёэлектроннай барацьбы з імі. Беларуская станцыя "Навальніца-С" здольна не толькі парушаць каналы сувязі беспілотніка з камандным пунктам, але і падманваць яго сродкі навігацыі. Такія тэхналогіі маюць толькі некалькі краін у свеце. Станцыя здольна выяўляць любыя беспілотныя лятальныя апараты, якія маюць бартавыя сродкі перадачы даных, радыёпадаўляць лініі кіравання і перадачы даных. Акрамя таго, у беларускай распрацоўцы рэалізавана магчымасць фарміравання дэзынфармуючых перашкод бартавой апаратуры спадарожнікавай навігацыйнай сістэмы GPS. Гэта дае магчымасць кіраваць сістэмай навігацыі аб'екта ў сваіх інтарэсах. Станцыя будзе размешчана на базе лёгкабраніраванага аўтамабіля МЗКЦ-490100. У вучэнні таксама прыме ўдзел больш просты, пераносны варыянт станцыі - партатыўны перадатчык перашкод БЛА "Навальніца-Р". Выраб прызначаны для барацьбы з мультыкоптарамі і малапамернымі БЛА шляхам падаўлення радыёканалаў кіравання імі і пастаноўкі перашкод сістэмам спадарожнікавай навігацыі.
У ліку сродкаў сувязі на вучэнні будзе задзейнічана радыёрылейная станцыя Р-414 "Сасна-2". Яна будзе прадстаўлена ў рамках доследна-канструктарскай работы, яе будуць суправаджаць спецыялісты ААТ "Агат - сістэмы кіравання" - кіруючая кампанія холдынга "Геаінфармацыйныя сістэмы кіравання".
"Захад-2017" пройдзе 14-20 верасня на тэрыторыі Беларусі і трох палігонах Расіі (Лужскі, Стругі Чырвоныя і Праўдзінскі). Як паведамлялася, колькасць асабовага складу, які ўдзельнічае ў вучэнні, амаль 12,7 тыс. ваеннаслужачых. Пры гэтым у Беларусі будзе задзейнічана амаль 10,2 тыс. чалавек (ад Беларусі - крыху больш як 7 тыс., Расіі - амаль 3 тыс.), 370 адзінак бранятанкавай тэхнікі, у тым ліку каля 140 танкаў. Таксама будзе выкарыстана да 150 адзінак артылерыі і рэактыўных сістэм залпавага агню, больш за 40 самалётаў і верталётаў.-0-