Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
23 сакавіка 2024, 12:48

Беларусы смуткуюць разам з расіянамі. Што адбываецца ля пасольства ў Мінску на наступны дзень пасля тэракта ў Падмаскоўі

23 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Вестка аб жахлівым тэракце ў "Крокус Сіці Холе" ў Падмаскоўі, дзе загінулі некалькі дзясяткаў чалавек, яшчэ больш з'яднала беларусаў і расіян. Многія прадстаўнікі органаў улады, грамадскасці, моладзі пачалі збірацца каля пасольства Расіі ў Мінску яшчэ познім вечарам 22 сакавіка - неслі кветкі і запаленыя лампадкі, паведамляе БЕЛТА.

Ад імя беларускага народа і сябе асабіста шчырыя спачуванні расійскаму лідару, родным і блізкім загінулых выказаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Ён рашуча асудзіў зверскае забойства ні ў чым не вінаватых людзей, якому не можа быць ніякага апраўдання.
Мнагалюдна ў расійскай дыпмісіі і 23 сакавіка - на наступны дзень пасля трагедыі. Гучаць словы шчырых спачуванняў і суперажывання агульнаму гору.

Міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў адзначыў, што Беларусь смуткуе разам з расіянамі па тых, хто загінуў і пацярпеў у выніку тэракта. "Тэрарызм - самае подлае, што можа быць. Страляць у спіны бяззбройных людзей - гэта подла, агідна, нізка. Мы асуджаем падобныя акты. Наша краіна некалькі разоў сутыкалася з такімі жахлівымі праявамі, бесчалавечнымі. Нам знаёма гэта. Мы яшчэ раз выказваем спачуванні родным і блізкім загінулых, жадаем хутчэйшага выздараўлення тым, хто знаходзіцца ў бальніцах, паранены ў выніку тэракта. Мы жадаем адзінства і мужнасці ўсяму народу Расіі", - сказаў ён.
Старшыня БСЖ Вольга Шпілеўская падкрэсліла, што беларускія жанчыны, безумоўна, не маглі застацца абыякавымі. Каб выказаць свае спачуванні, многія з іх прыходзілі да пасольства Расіі ў Мінску ўчора і прадаўжаюць гэта рабіць на наступны дзень пасля трагедыі. Паводле яе слоў, жанчыны заўсёды вельмі востра ўспрымаюць любыя трагедыі, якія датычацца гібелі мірных людзей, асабліва калі размова ідзе аб дзецях. "Няхай гэты мацярынскі боль застанецца на сумленні тых людзей, якія гэта ўчынілі, і тых, хто ведаў аб тэрактах, якія рыхтуюцца, папярэдзіў сваіх, але не падумаў аб дзецях, аб жыццях мірных людзей, - дадала Вольга Шпілеўская. - Вельмі хочацца, каб такія рэчы ніколі не паўтараліся. Тое, што гэта не зробіць нас слабейшымі, - сто працэнтаў. Такія рэчы робяць славян толькі мацнейшымі. Нацыя з'ядноўваецца". Кіраўнік БСЖ звярнула ўвагу, што многія праводзяць паралелі паміж трагедыяй у Хатыні, што  здарылася 22 сакавіка, і падзеямі ў Падмаскоўі, якія ўжо называюць сучаснай Хатынню. Такія трагедыі, пераканана яна, робяць грамадства больш моцным і рашучым.
"Мы, як і ўвесь цывілізаваны свет, смуткуем і перажываем. У такой сітуацыі ўсе людзі свету павінны з'ядноўвацца, паколькі толькі так можна даць адказ і прадухіліць наступныя трагедыі і толькі так можна заставацца людзьмі", - заявіў член Савета Рэспублікі, дырэктар Мінскага навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі Алег Румо.
"Як чалавек ваенны, які прайшоў Афганістан, я не разумею, у галаве не ўкладваецца, як можна страляць у бяззбройных людзей, дзяцей, жанчын, - сказаў член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Валерый Гайдукевіч. - Загінулых, на жаль, ужо не вернеш, і мы смуткуем". У той жа час трэба зрабіць, каб такое больш не паўтаралася, падкрэсліў ён, у тым ліку ўзмацніць меры па ахове масавых мерапрыемстваў.

"Гэта той момант, калі вельмі цяжка гаварыць. Учарашнія падзеі болем у сэрцы адгукнуліся ў кожнага беларуса. Расіяне, мы з вамі. Мы падзяляем гэты боль і, вядома, яшчэ раз гаворым: "Не тэрарызму!" - сказала член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, дырэктар гімназіі нумар 13 Мінска Марына Ільіна.
Старшыня рэспубліканскага савета Беларускага грамадскага аб'яднання ветэранаў, дэпутат Палаты прадстаўнікоў восьмага склікання Іван Гардзейчык лічыць тое, што здарылася 22 сакавіка, подлым ударам у спіну, нанесеным па ні ў чым не вінаватых людзях, дзецях, жанчынах. "Для нас, як і для расіян, гэта таксама трагедыя. Я ўпэўнены, што тыя людзі, якія гэта задумвалі, падрыхтавалі, яны адкажуць па ўсёй строгасці закону. Такое не даруецца. Гэта знак слабасці і таго, што яны не могуць нічога больш зрабіць, таму зводзяць разлікі з дзецьмі, жанчынамі, старымі. Гэта ў корані няправільна. Мы смуткуем, схіляем галовы. Мы разам прадоўжым выконваць намечаныя праекты, праграмы, каб адстойваць спакой, стабільнасць, мір і парадак", - адзначыў ён.

Кветкі і лампады ў памяць аб загінулых у выніку тэракта і ў знак салідарнасці з расіянамі, якія перажываюць трагічныя падзеі ў Падмаскоўі, прыносяць да пасольства Расіі ў Мінску і простыя грамадзяне, і прадстаўнікі працоўных калектываў розных прадпрыемстваў і арганізацый, парламентарыі, удзельнікі грамадскіх аб'яднанняў, ваенна-патрыятычных клубаў, палітычных партый. Прыходзяць людзі розных пакаленняў, арганізаванымі групамі і ў індывідуальным парадку. Трагедыя адгукнулася болем і смуткам у сэрцах беларусаў.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі