Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
04 мая 2021, 13:02

Беларускія і расійскія вучоныя выдалі вучэбны дапаможнік пра ВАВ

4 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускія і расійскія гісторыкі выдалі першы вучэбны дапаможнік "Расія і Беларусь: нарысы сумеснай гісторыі" ў маштабным цыкле сумесных работ "Расія і Беларусь: старонкі агульнай гісторыі", паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

"У 850-старонкавым даследаванні прыведзена шмат унікальных дакументаў, якія публікуюцца ўпершыню. Пры падрыхтоўцы выдання выкарыстаны матэрыялы архіваў Расіі, Беларусі, Украіны, Германіі, Польшчы. У дапаможніку раскрываюцца падыходы расійскіх і беларускіх гісторыкаў да перадумоў і прычын, характару і ходу Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў, укладу народаў Савецкага Саюза ў агульную перамогу. Даецца агляд развіцця палітыкі СССР у першыя пасляваенныя гады. Асобная ўвага ўдзяляецца месцу і ролі Вялікай Айчыннай вайны ў развіцці культуры і мастацтва народаў Беларусі і Расіі з пачатку 1940-х гадоў да сучаснасці", - расказалі ў прэс-службе.

Кніга падрыхтавана пад рэдакцыяй доктара гістарычных навук, члена-карэспандэнта НАН Беларусі, акадэміка-сакратара Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Аляксандра Кавалені і доктара гістарычных навук, члена-карэспандэнта РАН Яфіма Півавара.

Вучэбны дапаможнік прызначаны перш за ўсё для настаўнікаў гісторыі Беларусі і Расіі, уяўляе цікавасць для выкладчыкаў гістарычных і іншых гуманітарных дысцыплін у ВНУ, школьнікаў і студэнтаў, суайчыннікаў, якія пражываюць за мяжой. Нарысы могуць быць выкарыстаны пры выкладанні гісторыі ў іншых краінах СНД. На думку аўтараў, дакументальны, статыстычны, ілюстрацыйны матэрыялы, выкарыстаныя ў дапаможніку, дапамогуць настаўніку пры правядзенні ўрокаў і пазакласных мерапрыемстваў сфарміраваць у вучняў праўдзівае ўяўленне пра вайну.

Рабочая група гісторыкаў Расіі і Беларусі па падрыхтоўцы серыі дапаможнікаў пад агульнай назвай "Расія і Беларусь: старонкі агульнай гісторыі" была сфарміравана ў 2018 годзе з мэтай недапушчэння перапісвання гісторыі перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Па гэтым праекце плануецца выданне дапаможнікаў для ўстаноў агульнай сярэдняй, прафесійнай і вышэйшай адукацыі, накіраваных на захаванне калектыўнай гістарычнай памяці беларускага і расійскага народаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі