Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
23 мая 2019, 13:32

Беларускі міжнародны медыяфорум адкрыўся ў Брэсце

23 мая, Брэст /Кар. БЕЛТА/. У Брэсце сёння адбылася цырымонія адкрыцця XIV Беларускага міжнароднага медыяфоруму "Партнёрства ў імя будучыні: журналістыка і сацыяльная абарона грамадства", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Беларускі міжнародны медыяфорум - знакавая падзея ў грамадска-палітычным жыцці краіны. Адна з яго мэт - канцэнтрацыя намаганняў міжнароднай медыясупольнасці на выпрацоўку пазітыўных поглядаў на падзеі ў Беларусі, на адкрытасць і чысціню нашай знешняй палітыкі, якая заснавана на прынцыпах добрасуседства, узаемаразумення, міру", - падкрэсліў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Уладзімір Жаўняк.

Упершыню гэты форум праводзіцца ў адным з рэгіёнаў Беларусі. Цяперашняй яго пляцоўкай выбраны Брэст. "Гэта не выпадкова. Па-першае, бягучы год - год 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Па-другое, Брэст першы прыняў эстафету агню II Еўрапейскіх гульняў "Полымя міру". Па-трэцяе, горад адзначае тысячагоддзе. Гэта магчымасць паказаць удзельнікам форуму (многія не першы раз прыехалі ў Беларусь) іншыя рэгіёны нашай краіны, - сказаў міністр інфармацыі Беларусі Аляксандр Карлюкевіч. - Праграма мерапрыемства насычаная. Пасля пленарнага пасяджэння будзе работа ў секцыях, панэльныя дыскусіі. Так ці інакш, яны ўсе звязаны з сацыяльнымі сеткамі, інтэрнэт-прасторай, блогасферай. Найбольш будзе размоў пра сацыяльную адказнасць журналістаў, пра тое, як мы можам зрабіць свет лепшым, што значыць наша прафесія сёння".

XIV Беларускі міжнародны медыяфорум сабраў больш за 250 дзяржаўных і грамадскіх дзеячаў, дыпламатаў, прадстаўнікоў экспертнай і медыйнай супольнасці, журналістаў з 25 краін. Удзельнікі сёння падыскутуюць пра медыяпрастору і інфармацыйную бяспеку, уплыў сацыяльных сетак і блогасферы на фарміраванне грамадскай думкі, абмяркуюць сучасныя трэнды інтэрнэт-журналістыкі і яе ролю ў вырашэнні сацыяльна-палітычных праблем рэгіёнаў. У Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С.Пушкіна 24 мая адбудзецца Летняя школа журналістыкі, у час якой эксперты сустрэнуцца са сваімі маладымі калегамі, дадуць майстар-класы. Таксама ў той жа дзень пройдзе круглы стол "Саюзная дзяржава: 20 гадоў у медыяпрасторы. Вынікі і перспектывы".

У гасцей мерапрыемства будзе магчымасць бліжэй азнаёміцца з жыццём Брэста, яго выдатнымі мясцінамі. "Мы стараемся дыверсіфікаваць прывабнасць горада па розных напрамках, інвестыцыі ў яго вылічаюцца сотнямі мільёнаў долараў. Мы хочам пазіцыянаваць Брэст як сучасны горад, развіццё якога ўвасабляе ў цэлым развіццё Беларусі", - дадаў старшыня Брэсцкага гарвыканкама Аляксандр Рагачук.

Арганізатарамі Беларускага міжнароднага медыяфоруму выступаюць Міністэрства інфармацыі, Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы пры падтрымцы Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта, Міждзяржаўнага фонду па гуманітарным супрацоўніцтве дзяржаў - удзельніц СНД, МЗС Беларусі, Выканаўчага камітэта СНД, Беларускага саюза журналістаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі