13 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Напярэдадні II Еўрапейскіх гульняў беларуская мытня стварыла відэаролік аб правілах перамяшчэння тавараў цераз мытную граніцу, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на сайт Дзяржаўнага мытнага камітэта.
Відэаролік зняты на рускай і англійскай мовах і змяшчае пакрокавы алгарытм спрошчанага парадку перамяшчэння цераз мытную граніцу ўдзельнікаў і гасцей II Еўрапейскіх гульняў, а таксама растлумачэнні асноўных мытных правіл.
"Ролік створаны ў выглядзе анімацыі: яркія карцінкі з важнай інфармацыяй, якую павінен ведаць кожны, хто перасякае граніцу, лёгка адкладуцца ў вашай памяці", - адзначаецца на сайце ведамства. Гэты матэрыял стане добрай падказкай як для замежных гасцей, так і для ўсіх грамадзян, якія перасякаюць мытную граніцу.
З відэаролікам на дзвюх мовах можна азнаёміцца на сайце Дзяржаўнага мытнага камітэта.-0-