Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
12 кастрычніка 2021, 09:54

Беларускае радыё правядзе акцыю да Дня маці

12 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Радыёстанцыі Белтэлерадыёкампаніі 14 кастрычніка спецыяльна да Дня маці падрыхтавалі круглы стол, тэматычныя эфіры, конкурсы ў сацыяльных сетках, цёплыя віншаванні і жывы канцэрт музычных калектываў медыяхолдынга. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі.

На Першым нацыянальным канале запланаваны тэматычны круглы стол. У вялікай студыі Дома радыё збяруцца прадстаўнікі Беларускага саюза жанчын, Асацыяцыі шматдзетных бацькоў, духавенства, дэпутаты. Яны абмяркуюць пытанні дзяржаўнай сямейнай палітыкі, падтрымкі мацярынства і дзяцінства. Музычным падарункам гасцям эфіру ад Беларускага радыё стане жывое выступленне заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь Акадэмічнага хору і сімфанічнага аркестра Белтэлерадыёкампаніі.

Вершы беларускіх паэтаў, прысвечаныя маці, прагучаць у перадачы "Паэтычны эцюд". Цёплыя словы ў адрас матуль можна будзе перадаць у эфіры праграмы па заяўках "Вітаем, віншуем, жадаем!"

У інфармацыйных выпусках будуць асвятляцца мерапрыемствы Тыдня маці ў рэгіёнах краіны і горадзе Мінску.

Таксама падпісчыкі афіцыйнага акаўнту Першага нацыянальнага канала ў Instagram могуць прыняць удзел у конкурсе і выйграць каштоўны прыз. Для гэтага патрэбна апублікаваць сэлфі з маці або бабуляй.

У эфіры радыёстанцыі "Сталіца" прагучаць тэматычныя рубрыкі і музычныя кампазіцыі. Аўтары спецыяльнага выпуску праекта "Сіла прыцягнення" запросяць слухачоў у горад Жодзіна, дзе ўстаноўлены манумент у гонар маці-патрыёткі Настассі Купрыянавай: усе яе 5 сыноў абаранялі Радзіму ў час Вялікай Айчыннай вайны. Малодшы сын Пётр - Герой Савецкага Саюза.

У перадачы "Невядомая сталіца" пойдзе гаворка аб тым, калі з'явіўся Дзень маці, а таксама аб вядомых жанчынах-маці, якія пакінулі значны след у гісторыі роднага краю.

Канал "Культура" павіншуе матуль тэматычнымі музычнымі падборкамі на працягу ўсяго святочнага дня. Публіцыстычны праект "Дыялогі пра культуру" будзе прысвечаны сямейнаму выхаванню, ролі маці ў жыцці дзіцяці. У праекце для дзяцей і падлеткаў "Дасціпныя. Нястомныя. Кемлівыя" юныя чытальнікі агучаць любімыя вершы аб самым дарагім чалавеку на свеце.

Эфірнае святкаванне Тыдня маці прадоўжыцца і ў выхадныя - паэтычны праект "Прачулым радком" пазнаёміць з вершамі беларускіх паэтаў, прысвечанымі маці.

На міжнародным радыё "Беларусь" мерапрыемствы да Дня маці ў Беларусі будуць асвятляцца ў інфармацыйных выпусках на дзевяці мовах вяшчання. У перадачах "Жаночы клуб", "Соцыум", "Грамадзянская супольнасць", "Знаёмцеся, Беларусь!" і іншых пойдзе размова аб дзяржаўнай палітыцы Беларусі ў галіне абароны мацярынства і дзяцінства, дзейнасці Беларускага саюза жанчын, аб шматдзетных жанчынах, узнагароджаных ордэнам Маці.

Радыёстанцыя "Радыус FM" да свята падрыхтавала для слухачоў тэматычныя рубрыкі і конкурс у сацыяльных сетках. Госцем праекта "У тэме" стане маці пяцярых дзяцей, якая падзеліцца сакрэтамі, як сумяшчаць паспяховае мацярынства з вядзенне fashion-блога. Святочнай тэме будуць прысвечаны рубрыкі шоу "Тэорыя вялікай раніцы". Таксама вядучыя правядуць творчы конкурс у Instagram. Аўтар самага цікавага каментарыя атрымае прыз з лагатыпам "Радыус FM".

Эфірная акцыя да Дня маці пройдзе і ў эфіры рэгіянальных радыёстанцый Белтэлерадыёкампаніі "Радыё Брэст", "Горад FM", "Радыё Віцебск", "Радыё Гомель", "Гомель+", "Радыё Гродна", "Радыё Магілёў" ва ўсіх абласцях краіны.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі