Сцяг Серада, 15 студзеня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
15 студзеня 2025, 09:14

Багацце беларускага кіно праз рэквізіт, сцэнарыі, касцюмы пакажуць на "Марафоне адзінства" ў Гродне

15 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выставачны праект "Век беларускага кіно" пакажуць 17 і 18 студзеня ў Гродне ў час грамадска-культурнай акцыі "Марафон адзінства". Аб гэтым паведаміла карэспандэнту БЕЛТА загадчыца Музея гісторыі беларускага кіно, філіяла Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі, Вераніка Себруковіч.

"Мінулы, 2024 год адзначаны стагоддзем беларускага кіно. За гэты час была праведзена вялікая работа, створаны фільмы, якія сталі вядомымі не толькі ў Беларусі, але і ва ўсім свеце. Фільмы, якія ўвайшлі ў залаты фонд беларускага кінематографа", - сказала Вераніка Себруковіч.

Выстава, прысвечаная 100-годдзю беларускага кіно, раскрывае тэму зараджэння, асаблівасцей развіцця нацыянальнага кінематографа ў розныя гістарычныя перыяды краіны, а таксама адлюстроўвае працэсы і дынаміку айчыннага кінематографа на сучасным этапе.

На выставе прадставяць унікальныя прадметы з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея, дакументы з Нацыянальнага архіва Беларусі, афішы, рэквізіты са здымак фільмаў, касцюмы, сцэнарыі - тое, што зрабіла беларускае кіно вядомым ва ўсім свеце.

Паводле слоў Веранікі Себруковіч, усе экспанаты маюць адносіны да найбольш значных беларускіх кінакарцін. Напрыклад, вядомага і ўсімі любімага дзіцячага фільма "Прыгоды Бураціна", вельмі вядомай савецкай камедыі "Белыя росы" - сімвалічна, што гэта карціна здымалася не толькі на "Беларусьфільме", але і ў горадзе Гродна. "Таму для жыхароў Гродна тым больш будзе цікавы гэты фільм, касцюмы і дакументы, звязаныя з яго здымкамі", - адзначыла загадчыца музея.

Шырока вядомы беларусам і фільм "Чырвонае лісце", які зняў Уладзімір Корш-Саблін на аснове рэальных падзей. Гэта фільм пра Сяргея Прытыцкага, які звязаны і з Гроднам, і ў цэлым з Заходняй Беларуссю, і тымі падзеямі, якія адбыіваліся ў сярэдзіне трыццатых гадоў мінулага стагоддзя. На выставачным праекце таксама прадставяць экспанаты, звязаныя з такімі культавымі карцінамі, як "Лясная быль", "Дзяўчынка шукае бацьку", "Дзікае паляванне караля Стаха".

Паводле слоў Веранікі Себруковіч, выставачны праект раскрывае ў першую чаргу багацце беларускага кінематографа. Комплексам матэрыялаў нядаўніх фільмаў Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм" адлюстравана сучаснае развіццё беларускага кінамастацтва.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі