Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
19 студзеня 2022, 14:08

Аргументы на карысць канстытуцыйных навел прывёў Рагашчук на сустрэчы з Гомельскай пагрангрупай

19 студзеня, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Канстытуцыйныя новаўвядзенні абмеркаваў памочнік Прэзідэнта - інспектар па Гомельскай вобласці Мікалай Рагашчук з калектывам Гомельскай пагранічнай групы, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Праект новай рэдакцыі Канстытуцыі, паводле слоў Мікалая Рагашчука, актуальны для сучасных рэалій развіцця краіны з вызначальным арыенцірам развіцця на гады наперад. Размова аб абнаўленні Асноўнага закона ішла з 2016 года. "Цяпер настаў час скарэкціраваць яго ў адпаведнасці з выклікамі новага часу. Усё з часам змяняецца: прагрэсіруюць інфармацыйныя тэхналогіі, Беларусь становіцца ядзернай дзяржавай мірнага атама. Заканамерныя і змяненні Канстытуцыі", - расказаў ён.

Адно з новаўвядзенняў - замацаванне статусу і функцый УНС. "Гэта своеасаблівы орган-рэгулятар падчас пераходных этапаў у развіцці краіны", - растлумачыў памочнік Прэзідэнта - інспектар па Гомельскай вобласці.

Значны блок абмеркаванняў датычыўся ініцыяваных медыкамі новаўвядзенняў у частцы адказнасці кожнага чалавека за сваё здароўе. Паводле слоў Мікалая Рагашчука, затраты на прафілактыку ад COVID-19 і лячэнне захворвання несувымерныя. У мінулым годзе з бюджэту Гомельскай вобласці дадаткова на меры па барацьбе з каранавіруснай інфекцыяй было выдзелена Br129 млн. "Адзін дзень догляду хворага ў рэанімацыі абыходзіцца дзяржаве каля Br3 тыс. Пры гэтым зрабіць прышчэпку ад каранавіруснай інфекцыі і атрымаць абарону ад складанага цячэння захворвання кожны беларус можа бясплатна. Адказнасць кожнага чалавека за захаванне свайго здароўя - вельмі важны пункт у Асноўным законе. Медыцына з усімі найноўшымі даследаваннямі і тэхналогіямі можа быць бяссільная, калі чалавек сам не будзе клапаціцца аб сваім здароўі", - акцэнтаваў ён увагу, падкрэсліўшы, што гэта навела не прывядзе да ўкаранення платнай медыцыны.

Падзяліўся Мікалай Рагашчук і сваімі разважаннямі наконт прапануемага ўключэння ў праект новай рэдакцыі Канстытуцыі абмежавання прэзідэнцтва да двух тэрмінаў. "Мы можам назіраць, як адлюстроўваецца змена ўлады ў некаторых краінах і як гэта ўплывае на жыццё людзей. Наш жа Прэзідэнт стаіць на чале Беларусі ўжо больш за чвэрць стагоддзя. І ўвесь гэты час краіна паступова развівалася. Калі ёсць стабільнасць, усе разумеюць, у якім напрамку рухаемся і развіваемся", - падкрэсліў ён.

Прадстаўнікі Гомельскай пагранічнай групы прасілі растлумачыць пункт аб выключэнні ваеннай агрэсіі на тэрыторыі Беларусі. Мікалай Рагашчук растлумачыў, што гэта навела толькі падкрэслівае міралюбівы статус рэспублікі: "Ні адна краіна, якія дружалюбныя адносіны нас ні звязвалі б, не будзе нападаць з нашай тэрыторыі".

Таксама на сустрэчы закраналася тэма захавання гістарычнай памяці. Ваеннаслужачыя пагранічнай групы звярнулі ўвагу на тое, што некаторыя краіны спрабуюць "прыватызаваць" гісторыю Беларусі на розных яе этапах. Мікалай Рагашчук запэўніў, што і абноўленая Канстытуцыя, і нарматыўна-прававая база будуць нацэлены на захаванне гістарычнай праўды, умацаванне гістарычнай памяці.

Памочнік Прэзідэнта - інспектар па Гомельскай вобласці пацікавіўся ўмовамі службы, падзякаваў за надзейную абарону рубяжоў. "У новай рэдакцыі Канстытуцыі адлюстраваны ўсе важныя моманты, каб нашы дзеці і бацькі, нашы ўнукі і праўнукі жылі ў мірнай краіне", - рэзюмаваў ён. У сваю чаргу начальнік Гомельскай пагранічнай групы Уладзіслаў Бруеў таксама падзякаваў спікеру за ўвагу і магчымасць падзяліцца меркаваннем наконт канстытуцыйных новаўвядзенняў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі