Сцяг Нядзеля, 3 мая 2026
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
21 мая 2021, 18:32

Андрэйчанка: работа са зваротамі грамадзян удасканальваецца і станоўча ацэньваецца нашымі людзьмі

21 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка сёння правёў асабісты прыём грамадзян у Докшыцкім раёне. Людзей хвалявалі тэмы будаўніцтва, добраўпарадкавання, медыцынскай дапамогі, налічэння пенсіі, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на sb.by.

Дзве жыхаркі гарадскога пасёлка Бягомль звярнуліся наконт пераводу жылога дома з пячнога ацяплення на электрычнае. Уладзімір Андрэйчанка сказаў, што ў дзяржавы ёсць перспектыўны план пераводу жыллёвага фонду на электраацяпленне, у якім названы канкрэтныя адрасы, дзе гэта неабходна зрабіць. Непасрэдна ў час прыёму спікер ніжняй палаты пазваніў міністру энергетыкі Віктару Каранкевічу і даручыў узяць пытанне на кантроль.

Жыхар Докшыц паскардзіўся на тое, што ў яго доме цячэ дах. Уладзімір Андрэйчанка паабяцаў, што ў самы бліжэйшы час праблема будзе ўстаранёна, а ў 2023 годзе будзе зроблены капітальны рамонт дома. Шматдзетная мама з аграгарадка Параф'янава хоча пабудаваць хлеў каля блакіраванага трохкватэрнага жылога дома. Для гэтага ёй трэба згода суседзяў, паколькі зямельны ўчастак прадастаўлены ў агульнае долевае пажыццёвае валоданне і межы для абслугоўвання кожнай кватэры не ўстаноўлены. Але адна суседка згоды на будаўніцтва не дае. Спікер звязаўся з юрыстам, які дапаможа разабрацца ў сітуацыі, і даручыў мясцовым уладам на працягу 10 дзён вырашыць пытанне.

"Прыёмы насельніцтва з выездам на месцы - гэта важная форма работы чыноўнікаў, і яна дае станоўчы эфект, вядома, калі адказна да гэтага ставіцца, - лічыць Уладзімір Андрэйчанка. - Пакуль я ехаў на прыём, частка пытанняў ужо вырашылася, значыць, гэта крыху ўзварушвае мясцовыя органы ўлады. На асабістых прыёмах я стараюся ўдзяляць увагу праблемам, якія існуюць у сельскіх населеных пунктах, раённых цэнтрах. Людзі хочуць жыць лепш, і гэта правільна. Узнімалася пытанне пераводу на электраацяпленне. Гэта актуальная для Беларусі тэма. Яна сёння вырашаецца на ўзроўні Савета Міністраў і Прэзідэнта. Падыходы ёсць, заяўнікам дадзены канкрэтныя адказы", - расказаў Уладзімір Андрэйчанка.

Ён паведаміў, што за чатыры месяцы гэтага года ў Палату прадстаўнікоў паступіла 957 зваротаў, многія з іх датычацца прымянення і тлумачэння заканадаўства. Спікер нагадаў, што ў гэтым годзе плануецца ўнесці змяненні і дапаўненні ў закон аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб. "Будзе ўстаноўлена цэнтралізаваная сістэма ўліку, апрацоўкі і рэагавання на электронныя звароты. Работа ўдасканальваецца і, думаю, у цэлым яна станоўча ацэньваецца нашымі людзьмі. Гэта самае галоўнае", - рэзюмаваў Уладзімір Андрэйчанка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі