Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
22 чэрвеня 2021, 15:44

Алкаголь і некаторыя лякарствы павышаюць рызыку атрымання цеплавога ўдару

22 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністэрства аховы здароўя назвала асноўныя прычыны ўзнікнення цеплавога ўдару. Інфармацыя размешчана на сайце Міністэрства аховы здароўя, паведамляе БЕЛТА.

Медыкі адзначаюць, што асноўнай прычынай цеплавога ўдару з'яўляецца ўздзеянне на арганізм высокай тэмпературы ва ўмовах высокай вільготнасці навакольнага асяроддзя. Неспрыяльныя наступствы для здароўя могуць быць з-за нашэння цёплага і сінтэтычнага адзення, якое перашкаджае целу выдзяляць цяпло. Таксама прычынай развіцця цеплавога ўдару можа стаць празмернае ўжыванне алкаголю, паколькі ён парушае тэрмарэгуляцыю. Рызыку павышаюць і некаторыя лекавыя сродкі. Да іх адносяцца вазаканстрыктары, дыўрэтыкі, антыдэпрэсанты і антыпсіхатычныя сродкі.

Медыкі звяртаюць увагу, што цеплавы ўдар можа атрымаць любы чалавек, аднак некаторыя, з прычыны іх фізіялагічных асаблівасцей, рызыкуюць больш. Напрыклад, у нованароджаных тэрмарэгуляцыйныя працэсы развіты не ў поўнай меры, таму ў іх рызыка вышэйшая. У пажылых людзей тэрмарэгуляцыя з узростам слабее, што таксама прыводзіць да павышэння рызыкі атрымаць цеплавы ўдар. Да групы рызыкі адносяцца і цяжарныя жанчыны. Акрамя таго, некаторыя даследчыкі лічаць, што ёсць людзі з генетычнымі асаблівасцямі арганізма, якія павышаюць рызыку ўзнікнення цеплавога ўдару (прыроджаная адсутнасць потавых залоз, мукавісцыдоз).

Каб пазбегнуць наступстваў, урачы рэкамендуюць насіць лёгкае адзенне з натуральных матэрыялаў (лён, бавоўна). Пры магчымасці дома трэба ўстанавіць кандыцыянер. Трэба больш піць вадкасці, асабліва ў цёплы час года. Перш чым ужываць якія-небудзь лекавыя сродкі, абавязкова пракансультавацца з урачом. Машыну не трэба пакідаць на сонцы. Калі ўсё ж гэта здарылася, не трэба сядзець у распаленым аўтамабілі больш за 10 мінут.

Чалавеку, які не прывык да дзеяння на арганізм высокіх тэмператур, трэба абмежаваць фізічную актыўнасць, прынамсі, на некалькі дзён у выпадку, калі адбылася рэзкая змена тэмпературнага рэжыму. Цяжкая фізічная нагрузка пад адкрытым сонцам - значны фактар рызыкі. Калі работу нельга адкласці, час ад часу рэкамендуецца рабіць перапынкі на адпачынак.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі