Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
26 верасня 2019, 10:24

Ад сацыяльнай сферы да развіцця вытворчай базы - Качанава наведала з рабочай паездкай Бабруйск

26 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Качанава пабывала 25 верасня з рабочай паездкай у Бабруйску, дзе сустрэлася з прадстаўнікамі мясцовых органаў улады, наведала шэраг прадпрыемстваў і азнаёмілася з сацыяльным жыццём горада, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Наталля Качанава нагадала, што Бабруйск адносіцца да ліку 11 гарадоў з колькасцю насельніцтва больш за 80 тыс. чалавек, якія трапілі ў праграму апераджальнага развіцця. Яна адзначыла, што ў мінулыя гады шмат увагі ўдзялялася развіццю аграгарадкоў, прывядзенню ў парадак абласных цэнтраў. "Цяпер настаў час больш уважліва паглядзець на такія гарады, дзе вялікая колькасць прадукцыйных сіл, дзе сканцэнтраваны вытворчасці, прадпрыемствы", - падкрэсліла кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.

Прадстаўнікам мясцовых органаў улады Наталля Качанава нагадала аб ключавых патрабаваннях Прэзідэнта: садзейнічанне занятасці, кантроль за цэнаўтварэннем і забеспячэнне росту заработнай платы. Яна дадала, што падрабязна азнаёмілася з планамі па развіцці горада, але хацела б пачуць меркаванні мясцовай улады, чаго не хапае для больш дынамічнага развіцця Бабруйска. "Вельмі важна тое, што адчуваеце і ведаеце вы. Людзі ў рэгіёнах вельмі тонка і дакладна разумеюць, што трэба рабіць у сваім горадзе або раёне, вобласці. Мы павінны звяраць гадзіннікі для таго, каб разумець, якія яшчэ законы, указы і пастановы патрэбны, дзе яшчэ ёсць пытанні, якія неабходна ўрэгуляваць", - адзначыла кіраўнік Адміністрацыі.

У Бабруйску Наталля Качанава азнаёмілася з добраўпарадкаваннем горада, наведала новыя мікрараёны, адну з трох разумных школ Магілёўскай вобласці, пабывала на "Бабруйскаграмашы" і "Чырвоным харчавіку".

Сярэдняя школа нумар 34 не выпадкова трапіла ў праграму візіту кіраўніка Адміністрацыі. Гэту ўстанову яна наведвала яшчэ ў пачатку будаўніцтва. Адкрылі школу ў мінулым годзе. На гэты раз Наталля Качанава азнаёмілася з арганізацыяй навучальнага і выхаваўчага працэсаў, харчавання, работай спартыўных секцый і гурткоў.

"Вядома, гэта выдатны аб'ект. Самае галоўнае, што гэта запатрабаваная школа, у тым раёне, дзе яна патрэбна - дзе сканцэнтравана вялікая колькасць людзей, - адзначыла Наталля Качанава ў час размовы з журналістамі. - Я яшчэ раз паглядзела на тыя пытанні, на якіх акцэнтаваў увагу кіраўнік дзяржавы, па развіцці адукацыі: нагрузка вучняў, харчаванне ў школах, выхаваўчы працэс, стаўленне да спорту. Хачу сказаць, што гэта цудоўная школа, тут добры калектыў".

Адно з галоўных прадпрыемстваў горада - "Бабруйскаграмаш". У холдынг уваходзяць шэсць заводаў з агульнай колькасцю амаль 2,4 тыс. чалавек. Кіруючая кампанія холдынга налічвае каля 1, 9 тыс. работнікаў. Сярэдняя зарплата тут звыш Br820.

Наталля Качанава азнаёмілася з выпускаемай прадпрыемствам прадукцыяй, наведала некалькі цэхаў, дзе пагутарыла з кіраўніцтвам кампаніі і супрацоўнікамі. Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта, у прыватнасці, цікавілася перспектывамі развіцця прадпрыемства, планамі па пашырэнні вытворчасці і выпуску новай тэхнікі, асваеннем новых рынкаў. Як далажылі Наталлі Качанавай, рэнтабельнасць продажаў на прадпрыемстве "Бабруйскаграмаш" у студзені-верасні склала 7 працэнтаў, чысты прыбытак дасягнуў Br2 млн. Экспарт за гэтыя месяцы павялічыўся больш як на 12 працэнтаў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.

Цяпер прадпрыемства актыўна асвойвае рынкі Афрыкі і Еўрапейскага саюза. Прапрацоўваюцца кантракты з Кеніяй, Замбіяй, Тога, Мадагаскарам, Літвой, Сербіяй, Швецыяй. Развіваецца супрацоўніцтва і з традыцыйнымі партнёрамі: Расіяй, Казахстанам, Узбекістанам.

"Адчуваецца, што тут ёсць гаспадарская рука, парадак. Самае галоўнае, што людзі працуюць, ёсць загружанасць. Тэхніка, якая выпускаецца, запатрабавана сёння. Зніжэнне складскіх запасаў - гэта вельмі важна, таму што выпусціць можна, але важна яшчэ і рэалізаваць гэту прадукцыю. Тут няма ніякіх праблем з рэалізацыяй", - адзначыла Наталля Качанава.

На яе думку, прадпрыемству таксама неабходна працаваць з вучнямі старэйшых класаў, дапамагаючы ім у выбары будучай прафесіі. Пабываўшы на вытворчасці, канстатавала Наталля Качанава, яны змогуць азнаёміцца з асаблівасцямі розных рабочых прафесій і, магчыма, зрабіць выбар на іх карысць. "Калі пройдзеш і паглядзіш - такі графік работы, такая зарплата, інтэрнаты, гэта дапаможа дзецям сарыентавацца, і яны пойдуць у вучылішча", - лічыць кіраўнік Адміністрацыі.

У цэлым Наталля Качанава станоўча ацаніла цяперашні стан горада і яго прадпрыемстваў. "Я была тут раней, і ў мяне было сваё ўражанне ад гэтага горада. Але тое, што я ўбачыла сёння, мяне парадавала", - рэзюмавала яна.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі