Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
01 верасня 2021, 13:34

"Затурбаваліся, што мы ледзь не Прыбалтыку адрэжам". Лукашэнка развеяў міфы аб вучэннях "Захад-2021"

1 верасня, Бабруйск /Кар. БЕЛТА/. Беларуска-расійскія вучэнні "Захад-2021" праводзяцца выключна для трэніроўкі і зладжвання ўласных узброеных сіл. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння, адказваючы на пытанні журналістаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Я перажыў шмат такіх вучэнняў. Таму ведаю знутры ўсё гэта. Мы праводзім вучэнні для таго, каб абучаць, трэніраваць свае Узброеныя Сілы на выпадак, калі не дай бог. А трывожных момантаў дастаткова", - падкрэсліў беларускі лідар.

Ён нагадаў, што ў мінулым годзе давялося фактычна палавіну арміі прыводзіць у баявую гатоўнасць і выводзіць на заходнія рубяжы. "Значыць, прычын больш чым дастаткова", - заўважыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў: на гэтым напрамку Беларусь і Расія дзейнічаюць разам. "У нас саюзная армія на гэтым напрамку з Расійскай Федэрацыяй. Узброеныя сілы дзвюх краін вельмі падобныя, але зладжванне павінна быць, - адзначыў кіраўнік дзяржавы. - Таму мы і разам павінны вучыцца. Таму што ваяваць нам давядзецца разам. Калі ёсць армія, узброеныя сілы, іх трэба рыхтаваць, неяк аб'ядноўваць разам".

Паводле яго слоў, на тэрыторыі дзвюх краін ад Калінінграда да Уладзівастока будзе задзейнічана вялікая колькасць войскаў. "На ўсіх палігонах. Мы з Пуціным дамовіліся, што я бяру пад кантроль асноўную частку вучэнняў. Яна будзе ў нас у Беларусі. У іх на некалькіх палігонах - да дзясятка палігонаў будзе задзейнічана. Ён пабудзе на сваім палігоне, я на сваім. І мы паглядзім, наколькі гатовы і зладжаны нашы ўзброеныя сілы - Расіі і Беларусі. У нас адзіная сістэма ППА, адзіная абаронная палітыка. Ёсць армія - яе трэба абучаць і трэніраваць. Вось для гэтага мы і праводзім", - сказаў Прэзідэнт.

Але накіраванасць і тэма вучэнняў - выключна абарона, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка: "Мы ні на каго не збіраемся наступаць. Нам гэта не патрэбна. І тое, што яны заварушыліся... Ну, напэўна, яны вельмі заклапочаны, што мы тут, ведаеце, ледзь не Прыбалтыку адрэжам: па Сувалкскім калідоры пройдзем на Калінінград і адрэжам Прыбалтыку. Ды нікому гэта Прыбалтыка не патрэбна. Нам дай бог сваю Беларусь засяліць, я пра Расію ўжо не кажу".

"Таму нам чужое не трэба. Але мы вучымся абараняць сваё. Мы правядзём зладжванне нашых узброеных сіл, вызначымся, дзе ў нас слабыя месцы і дааснасцім іх. Хоць цяпер больш-менш нармальна", - дадаў кіраўнік дзяржавы.

Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка нагадаў: назіраць за вучэннямі запрашаюць і замежных грамадзян. "Калі ласка, няхай глядзяць", - сказаў ён.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі