Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
02 ліпеня 2020, 19:10

Вытокі незалежнасці беларускай дзяржавы бяруць пачатак у сівой старажытнасці - Лукашэнка

2 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Вытокі незалежнасці беларускай дзяржавы бяруць пачатак у сівой старажытнасці. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на ўрачыстым сходзе, прысвечаным Дню Незалежнасці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Успамінаючы герояў вайны, мы заўсёды кажам пра іх мужнасць і гатоўнасць аддаць жыццё за Радзіму. І разумеем, што выпрабаванні Вялікай Айчыннай вайны абудзілі ў народзе невядомыя раней сілы. Але ж узгадавала іх шматвяковая гісторыя несвабоднага жыцця далёкіх продкаў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў, што вытокі незалежнасці беларускай дзяржавы бяруць пачатак у сівой старажытнасці, у глыбіні стагоддзяў: яны - у імкненні Полацкага княства да палітычнай і эканамічнай самастойнасці, у стварэнні на беларускай зямлі прагрэсіўнага сярэдневяковага права, у навуковых і духоўных працах, у палітычных поспехах суайчыннікаў - яскравых прадстаўнікоў розных гістарычных эпох.

"Але так склалася, што амаль тысячу гадоў выразнікамі народнай волі на беларускай зямлі былі выключна каранаваныя асобы. І толькі ў XX стагоддзі на адвечнае пытанне: "А хто там ідзе?" знайшоўся лёсавызначальны адказ. У вельмі складаных умовах трох рэвалюцый, Першай сусветнай і Грамадзянскай войнаў на гістарычную сцэну падняўся беларускі народ - мудры і цягавіты, праўдзівы абаронца і захавальнік Радзімы. Народ, які фактычна і быў гаспадаром сваёй зямлі, таму што ў часы ўсіх войнаў і бітваў (якіх было нямала) самааддана ўставаў на абарону сваёй радзімы і заўсёды ведаў, хто яе вораг. Нават не маючы палітычнай самастойнасці, стагоддзямі жывучы ва ўмовах культурнай, канфесійнай і палітычнай экспансіі, здолеў зберагчы сваю этнічную самабытнасць і традыцыі", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што гэта і ёсць незалежнасць - унутраная свабода, якая жыве ў сэрцы. Паводле яго слоў, яна і дапамагае чалавеку захаваць сувязь з продкамі, роднай зямлёй, зберагчы нацыянальную ідэнтычнасць, веру і мову. "Менавіта сэрцам беларускі народ заўсёды выбіраў гістарычны шлях і тым самым даказаў, што дастойны суверэннага права вяршыць свой лёс", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што сёння беларусы самастойна будуюць незалежную на міжнароднай палітычнай арэне краіну. "Краіну сучасную і ўнікальную ў сваім спалучэнні заходне- і ўсходнееўрапейскай культур. Яны - наша агульная гістарычная спадчына, - падкрэсліў ён. - Тое, што за гады незалежнасці мы змаглі захаваць у грамадстве гармонію розных традыцый і моў, навучыліся прымаць і цаніць дасягненні розных гістарычных эпох, паважаць канфесійны выбар адзін аднаго, сведчыць аб нацыянальнай і палітычнай сталасці нашага народа. Гэта значыць, мы гатовы канчаткова пабудаваць нашу незалежную краіну".

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што шматвяковая гісторыя краіны прадвызначыла духоўную блізкасць беларусаў з брацкімі народамі, знешнеэканамічную і знешнепалітычную шматвектарнасць. "Мы з'яўляемся не толькі гістарычным, але і сучасным цэнтрам Еўропы. За чвэрць стагоддзя мы сфарміраваліся ў культурна і духоўна адзіны, незалежны беларускі народ", - канстатаваў кіраўнік дзяржавы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі