Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
13 студзеня 2022, 10:28

У Беларусі на ўзроўні Прэзідэнта вярнуліся да пытання стварэння Міністэрства лічбавага развіцця і сувязі

13 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі на ўзроўні Прэзідэнта вярнуліся да пытання стварэння Міністэрства лічбавага развіцця і сувязі, паведамляе БЕЛТА.

Як інфармуе Тelegram-канал "Пул Першага", Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правядзе сёння першую ў новым годзе нараду з кіраўніцтвам Савета Міністраў. "На парадку дня стварэнне новага міністэрства - лічбавага развіцця і сувязі", - піша рэсурс.

Як паведамлялася БЕЛТА, пытанне аб надзяленні Міністэрства сувязі і інфарматызацыі паўнамоцтвамі па дзяржаўным рэгуляванні сферы лічбавізацыі абмяркоўвалася ў кіраўніка дзяржавы яшчэ ў кастрычніку 2019 года. Тады ўдзельнікамі дыскусіі па гэтым і іншых пытаннях развіцця лічбавай сферы сталі кіраўнікі ўрада, Адміністрацыі Прэзідэнта, прадстаўнікі дзяржаўных органаў, вядучых навучальных устаноў, ІТ-сектара, Парка высокіх тэхналогій.

Пры гэтым пытанне аб неабходнасці стварэння дзяржрэгулятара ў сферы лічбавага развіцця краіны на ўзроўні кіраўніка дзяржавы абмяркоўвалася і раней. У прыватнасці, у час наведвання Прэзідэнтам Парка высокіх тэхналогій у красавіку 2019 года прадстаўнікі ІТ-сектара ініцыявалі стварэнне ў Беларусі міністэрства лічбавай эканомікі. Гэта ідэя па даручэнні Аляксандра Лукашэнкі была сур'ёзна прааналізавана.

У той час першы намеснік прэм'ер-міністра Аляксандр Турчын заяўляў журналістам аб рашэнні ствараць дзяржрэгулятар на базе Міністэрства сувязі і інфарматызацыі, перагледзеўшы пэўны функцыянал, змяніўшы найменне міністэрства. Урад павінен быў унесці на разгляд кіраўніка дзяржавы праекты адпаведных рашэнняў. Акрамя таго, ставілася задача вывесці работу Міністэрства сувязі і інфарматызацыі на якасна больш высокі ўзровень, каб яно ў цесным супрацоўніцтве працавала з прадстаўнікамі ІТ-сектара, займалася развіццём лічбавізацыі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі