Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
20 кастрычніка 2021, 14:22

Работнікі бальніцы ў Бараўлянах папрасілі садзейнічання ў пытанні жылля. Лукашэнка паабяцаў разгледзець варыянты

20 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Работнікі Мінскай абласной клінічнай бальніцы папрасілі кіраўніка дзяржавы садзейнічаць у пытанні выдзялення месца для будаўніцтва жылля. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка паабяцаў разгледзець варыянты, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Улічваючы актыўнае развіццё населенага пункта, кіраўнік дзяржавы таксама не выключае, што Бараўлянам варта надаць статус горада.

Адна з работніц расказала Прэзідэнту, што ў пасёлку востра стаіць пытанне па забеспячэнні жыллём медыцынскіх работнікаў. Ёсць невыкарыстоўваемы ўчастак, які знаходзіцца на тэрыторыі хуткай медыцынскай дапамогі. У сувязі з гэтым у кіраўніка дзяржавы папрасілі садзейнічання ў пытанні перапрафілявання гэтага ўчастка пад будаўніцтва жылля.

"Я ведаю вашу праблему. Мы неяк тут эксперыментавалі. Недалёка будавалі такі інтэрнат, што я сказаў: калі б мне некалі прапанавалі такую кватэру, то я быў бы рады. Гэта такі доследны быў варыянт. І ўрачы былі вельмі задаволены, - адзначыў кіраўнік дзяржавы. - Але я ведаю, што размова ідзе аб арэндным жыллі, нехта захоча за свае грошы пабудаваць".

Аляксандр Лукашэнка расказаў аб некалькіх варыянтах вырашэння пытання. "Я ж па суседстве жыву. Па-першае, там вакол мяне, дзе я жыву, ёсць яшчэ некалькі ўчасткаў. Адзін вы занялі. Трэба паглядзець і іншыя. Там і да 7 га ёсць. Гэта ў лесе, курортная, можна сказаць, зона. Таму трэба паглядзець тыя ўчасткі", - агучыў першы варыянт беларускі лідар.

Другі варыянт у тым, каб выдзяліць непасрэдна зямлю каля Бараўлян: "Нават пад'язджаючы сюды, я так вокам прыкінуў, паглядзеў і думаю: ну калі ўжо размова зойдзе пра будаўніцтва нейкага жылля, то мы паглядзім недзе лясныя масівы. Можам крыху падрэзаць і "пасадзіць" там дом. Нават тут. Гэта другі варыянт".

Трэці варыянт, сказаў Прэзідэнт, - гэта той, які агучыла работніца бальніцы.

Аляксандр Лукашэнка пры гэтым адзначыў, што трэба таксама прапрацаваць бюджэтныя варыянты будаўніцтва, каб кошт кватэр не быў цяжарам для работнікаў.

"А мы тут знойдзем гэтыя ўчасткі. Я тры варыянты назваў. Трэба будзе паглядзець", - рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі