Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
22 жніўня 2022, 19:25

Лукашэнка змяніў правілы рэалізацыі драўніны. Фізасобы змогуць набываць дзелавую драўніну ў лясгасах

22 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ нумар 294, якім у новай рэдакцыі выкладаюцца правілы рэалізацыі драўніны. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.

Дакумент прыняты ў мэтах удасканалення парадку рэалізацыі драўніны фізічным і юрыдычным асобам, а таксама задавальнення попыту на яе на ўнутраным рынку.

Указам спрашчаецца парадак рэалізацыі дзелавой драўніны для фізічных асоб, якія змогуць звяртацца непасрэдна ў лясгасы для яе набыцця. Удакладняецца пералік юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, якім магчымы продаж драўніны па-за біржавымі таргамі з фонду аблвыканкама. Аптымізуюцца біржавыя механізмы правядзення гандлёвых сесій па продажы драўніны на ўнутраны рынак.

Змяненні ўступаюць у сілу праз месяц пасля афіцыйнага апублікавання ўказа.

Як паведамлялася БЕЛТА, даручэнне аб тым, каб зрабіць таннейшым лес для будаўніцтва дамоў, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даў у час наведвання вытворчага кааператыва імя В.І. Крамко ў Гродзенскім раёне 18 жніўня. Кіраўнік дзяржавы даручыў прадумаць меры, каб зрабіць таннейшай гэту сыравіну, у прыватнасці для будаўніцтва жылля ў сельскай мясцовасці.

"Цяпер жыллё - дарагоўля страшэнная. Больш за ўсё падаражэў лес. І я так лячу над краінай - вакол лес, - адзначыў беларускі лідар. - Лесу мора. Часам мы не паспяваем яго перапрацаваць. А калі перапрацавалі, распілавалі на дошку (бервяно я забараніў вывозіць) і вывезлі за мяжу. А нашы людзі шалёныя грошы павінны плаціць за тое, каб дом пабудаваць - драўляны дом".

"У нас ёсць дрэва. Чаму вяскоўцам не прадаць танней гэты лес. І гэты дом будзе ў 10 разоў таннейшы. А далей ужо і чалавек будзе варушыцца, і кіраўнік. Але гэтыя дамы, калі мы льгатуем такім чынам, павінны быць арэнднымі. Яны ў яго (прадпрыемства. - Заўвага БЕЛТА) ва ўласнасці павінны быць. Таму што чалавек пабудуе бясплатна - і пайшоў. А можа, ільгатаваць і людзей, якія і не працуюць у сельскай гаспадарцы, але тут жывуць. Але ўжо не так, як тых вяскоўцаў, - прапанаваў адзін з варыянтаў кіраўнік дзяржавы. - Інакш кажучы, трэба паглядзець, як патанніць лес для будаўніцтва жылых дамоў. Але пачынаць трэба з вёскі. І ўсё павінна быць празрыста. Агулам нельга нічога рабіць".

Кіраўнік дзяржавы таксама не выключыў, што праз пэўны час работы ў арганізацыі можна прадаставіць людзям права выкупу такіх дамоў, але ў першую чаргу трэба зменшыць кошт гэтага будаўніцтва. "Нам трэба патанніць гэта жыллё. Гэта непарадак, што мы маем лес, а людзі або плацяць шалёныя грошы... А калі высокая цана, усе хочуць, а пабудаваць не могуць. За зіму нам трэба прадумаць гэта пытанне", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі