Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
19 снежня 2019, 13:55

Лукашэнка зацвердзіў новы план абароны Беларусі. На чым зроблены акцэнты?

19 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Савет бяспекі сёння на пасяджэнні ў Палацы Незалежнасці адобрыў новы план абароны Беларусі і Канцэпцыю будаўніцтва і развіцця Узброеных Сіл да 2030 года. Пакет дакументаў падпісаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

План абароны Беларусі ўключае некалькі дакументаў. На працягу года іх аналізавалі ў Генеральным штабе Узброеных Сіл і разглядалі на нарадах сілавога блока. Асноўныя ў гэтым пакеце - рашэнне галоўнакамандуючага на абарону Беларусі (графічнае і тэкстуальнае) і дырэктыва на абарону краіны.

Як падкрэсліў у час пасяджэння Савета бяспекі Аляксандр Лукашэнка, Беларусь цвёрда прытрымліваецца міралюбівай палітыкі, захоўвае статус донара бяспекі ў рэгіёне. Пры гэтым бясспрэчнымі прыярытэтамі кіраўнік дзяржавы назваў развіццё ў краіне ўласнай сістэмы бяспекі, а таксама прадаўжэнне ваеннага супрацоўніцтва з дружалюбнымі краінамі. "Беларуская армія ніколі нікому не пагражала, не пагражае і пагражаць не збіраецца. Яна з'яўляецца інструментам недапушчэння вайны, а ў выпадку агрэсіі павінна быць здольная не толькі яе адбіць, але і нанесці непапраўны ўрон праціўніку. Асноўнае прызначэнне Узброеных Сіл - абарона суверэнітэту, незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці краіны", - заявіў Прэзідэнт.

У чым асаблівасці прынятых дакументаў і як будзе развівацца беларуская армія, пасля пасяджэння журналістам расказалі дзяржсакратар Савета бяспекі Станіслаў Зась, міністр абароны Андрэй Раўкоў і выконваючы абавязкі начальніка Генеральнага штаба - першага намесніка міністра абароны Аляксандр Вальфовіч.

Зась: акцэнт зроблены на стратэгічнае стрымліванне праціўніка

"У плане абароны акцэнт робіцца на прадухіленні развязвання агрэсіі, стратэгічным стрымліванні. Гэтаму ўдзелена больш увагі, чым у папярэднім плане, распрацаваны дакументы па стратэгічным стрымліванні. Удзелена больш увагі і пытанням дэстабілізацыі сітуацыі ў краіне - гэта таксама пытанні абароны. Гэта рэальнасць нашай сучаснасці, з якой сутыкнуліся па ўсім свеце: усё пачынаецца з дэстабілізацыі сітуацыі ў краіне, правакавання ўнутранага ўзброенага канфлікту", - адзначыў Станіслаў Зась.

У час пасяджэння нямала ўвагі было ўдзелена забеспячэнню патрэбнасцей абароны дзяржавы. "Усё было падлічана. Мы можам забяспечыць ваенную бяспеку нашай краіны, зыходзячы з тых магчымасцей, што ў нас ёсць, - заявіў дзяржсакратар. - Мы будзем планамерна павышаць расходы на абарону. Гэта на самай справе трэба рабіць, калі ставім мэтай якасна нарошчваць патэнцыял Узброеных Сіл". Плануецца, што за дзесяць гадоў расходы на абарону вырастуць да 1,5 працэнта ад ВУП.

Савет бяспекі таксама разгледзеў Канцэпцыю будаўніцтва і развіцця Узброеных Сіл да 2030 года. Гэты дакумент вызначае склад і структуру арміі, яе задачы ў мірны і ваенны час. Паводле слоў Станіслава Зася, у канцэпцыі ўпор зроблены на захаванне існуючых складу і структуры Узброеных Сіл, іх якаснае развіццё за кошт паляпшэння баявой падрыхтоўкі, пераўзбраення і мадэрнізацыі тэхнічнага складніка.

Раўкоў: у першую чаргу грошы будуць выдзяляць на беспілотнікі, радыёэлектронную і радыёлакацыйную разведку

Гаворачы пра асаблівасці новага плана абароны, Андрэй Раўкоў падкрэсліў, што гэты дакумент "вельмі прыземлены", заснаваны на дакладных разліках. У ім распісаны мерапрыемствы, якія будуць праводзіцца ў мірны час, у перыяд нарастання пагрозы і ў ваенны час, разлічана фінансаванне на іх правядзенне.

План абароны ўключае ў сябе план стратэгічнага стрымлівання. "У яго мы заклалі ўсе дзеянні ваенных структур, іншых сілавікоў, міністэрстваў і ведамстваў, што адносяцца да дзяржорганаў, якія абавязаны ўжо ў мірны час праводзіць шэраг мерапрыемстваў, каб знізіць верагоднасць узнікнення канфліктаў або звесці яе да нулю", - растлумачыў міністр.

Акрамя таго, удакладнена сістэма кіравання дзяржавай на ваенны час. "Яна праверана на некалькіх вучэннях. Мы ўпэўнены, што яна дасць магчымасць дакладна, мэтанакіравана, рэзультатыўна кіраваць усімі сіламі і сродкамі пры абароне дзяржавы", - адзначыў ён.

Што датычыцца фінансавання Узброеных Сіл, то грошы ў першую чаргу будуць выдзяляцца на развіццё беспілотнай авіяцыі, радыёэлектронную і радыёлакацыйную разведку. Будзе таксама мадэрнізавацца і закупляцца ўдарная авіяцыя, прадоўжыцца мадэрнізацыя артылерыі ракетных войскаў і існуючых сістэм ствольнай, рэактыўнай артылерыі. "Сярод першачарговых мер вылучана праблемнае пытанне, якое датычыцца закупкі боепрыпасаў, у першую чаргу зенітных кіруемых ракет і процітанкавых кіруемых ракет, іншых высокадакладных боепрыпасаў, сродкі прымянення якіх у нас ёсць", - сказаў Андрэй Раўкоў.

Акрамя таго, у войсках з часам пазбавяцца ад матэрыяльных сродкаў і тэхнікі, якія маральна і фізічна ўстарэлі.

Вальфовіч: зыходзілі з найгоршых варыянтаў развіцця абстаноўкі

Аляксандр Вальфовіч растлумачыў, што пры падрыхтоўцы зацверджаных сёння дакументаў ваенныя зыходзілі з найгоршых для краіны варыянтаў развіцця абстаноўкі. Вывучаўся вопыт канфліктаў у Сірыі, Украіне, Балівіі, Венесуэле. "Зыходзячы з гэтага зроблены вывады па этапах магчымай эскалацыі канфлікту. У плане абароны закладзены адэкватныя меры рэагавання", - запэўніў ён.

У якасці пагрозы ваенныя цяпер не разглядаюць (хоць і не выключаюць) буйнамаштабную вайну як такую. "Цяпер у большай ступені канфлікты працякаюць зусім па-іншаму: разладжваецца абстаноўка ў краіне, дзейнічаюць дробныя групы, апазіцыя, дыверсійна-разведвальныя групы. Цяпер вельмі шырока выкарыстоўваюцца наёмнікі прыватных ваенных кампаній, якія спрабуюць разладзіць абстаноўку ў краіне, праверыць на трываласць увесь сілавы складнік", - растлумачыў Аляксандр Вальфовіч. - У процівагу гэтаму ў нас распрацаваны свой комплекс мер".

Напрыклад, у арміі ёсць сілы неадкладнага рэагавання, гатовыя ў выпадку непрадбачанай сітуацыі прыкрыць участкі ўздоўж дзяржграніцы, разам з МУС узяць пад ахову аб'екты ўнутры краіны.

Пры гэтым Беларусь не разглядае іншыя дзяржавы ў якасці магчымага агрэсара. "Мы міралюбівая краіна, у нас абарончая ваенная дактрына, якая прадугледжвае абарону сваёй зямлі", - падкрэсліў выконваючы абавязкі начальніка Генштаба.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі