26 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заклікае да далейшага зняцця бар'ераў у ЕАЭС і пераймання вопыту Саюзнай дзяржавы. Аб гэтым ён заявіў на сустрэчы са старшынёй Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Бакытжанам Сагінтаевым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы зацікаўлены разам з Расіяй, каб ЕАЭС больш пераймаў вопыт у Саюзнай дзяржавы - тое, што прымальна для ЕАЭС", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Ён адзначыў, што ЕАЭС, СНД і Саюзная дзяржава - гэта розныя фарматы існуючай шматузроўневай інтэграцыі. І на самым нізкім узроўні з пункту гледжання глыбіні інтэграцыі знаходзіцца СНД. "Мы зацікаўлены, напэўна, і вы, каб СНД арыентавалася на ЕАЭС. А, магчыма, і на работу ў рамках нашых саюзніцкіх адносін з Расіяй, - заявіў Прэзідэнт. - Але гэта воля кіраўнікоў дзяржаў, урадаў, эліты гэтых дзяржаў. Мы асабліва не настойваем на гэтым працэсе. Але як варыянт - чаму б не?"
Але гэта, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, не галоўнае. "Галоўнае, што ў нас у самім саюзе эканамічным існуе шэраг праблем, над якімі трэба сур'ёзна працаваць. Эканамічнага характару. Нам хацелася б, і гэта трэба зрабіць у перыяд вашага старшынства, паколькі сам Казахстан адыгрывае вельмі важную ролю ў саюзе, каб мы знялі ўсялякія бар'еры, якія яшчэ, на жаль, існуюць у нас. Нам трэба дамовіцца наконт энергетычных пытанняў, каб былі роўныя магчымасці ў дзяржаў. Патрэбны адзіныя рынкі газу, нафты. Агульны рынак трэба ствараць. Ад гэтага мы нікуды не дзенемся. Вы бачыце, як сітуацыя складваецца навокал, і самі абставіны падштурхоўваюць нас да больш цеснага супрацоўніцтва ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза", - заявіў беларускі лідар.
Бакытжан Сагінтаеў з 1 лютага заняў пасаду старшыні Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі, а да работы ў ЕЭК займаў шэраг важных дзяржаўных пасад у Казахстане. "Вы чалавек вопытны, які прайшоў немалы шлях. Наша арганізацыя - гэта арганізацыя эканамічнага характару. Прынцыповы падыход Казахстана да гэтых пытанняў я вельмі добра ведаю, паколькі з Нурсултанам Абішавічам (першым Прэзідэнтам Казахстана Нурсултанам Назарбаевым. - Заўвага БЕЛТА) быў ля вытокаў стварэння гэтай арганізацыі. Цяперашняе кіраўніцтва Казахстана прытрымліваецца гэтага курсу - менавіта эканамічнай накіраванасці Еўразійскага эканамічнага саюза, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Думаю, што, выкарыстоўваючы ваш вопыт і вашу ранейшую ўключанасць у эканамічныя працэсы, нам удасца нямала зрабіць. Галоўнае - вы ініцыіруйце, не маўчыце. Думаю, вы будзеце такім рашучым чалавекам і будзеце прапаноўваць тое, што, вы бачыце, з'яўляецца перашкодай у развіцці нашага Еўразійскага эканамічнага саюза".
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што аснова моцных міждзяржаўных адносін - эканоміка. "Будзе эканоміка - будзе і палітыка, і дыпламатыя, і ваенныя адносіны мы будзем развіваць. Таму трэба ствараць смялей на прынцыпах кааперацыі сумесныя прадпрыемствы, фінансаваць іх. На нас вы заўсёды можаце разлічваць. Таксама адкрыта гаварыце тое, што мы павінны зрабіць. Калі мы чагосьці зусім не можам зрабіць, мы вам шчыра пра гэта скажам. Але пакуль такіх пытанняў няма, якія мы маглі б абмінуць і не ўдзельнічаць у развіцці нашага саюза", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Улічваючы, што прыезд Бакытжана Сагінтаева супаў з электаральным працэсам у Беларусі, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што выбары ў мясцовыя саветы і парламент прайшлі спакойна. "Вы ведаеце, што мы пачалі акуратнае абнаўленне палітычнай сістэмы. Мы бачым, што гэта трэба зрабіць. Змяняецца пакаленне палітыкаў. Новыя людзі прыходзяць, моладзь. Таму нам трэба рыхтавацца загадзя эвалюцыйным шляхам. У нас пачаўся гэты няпросты працэс", - расказаў ён.
Прэзідэнт падкрэсліў, што гэтыя выбары асабліва важныя, паколькі парламент і мясцовыя саветы ў адпаведнасці з абноўленай Канстытуцыяй з'яўляюцца асновай фарміравання Усебеларускага народнага сходу. Гэты орган у Беларусі набыў канстытуцыйны статус.-0-
Прэзідэнт падкрэсліў, што гэтыя выбары асабліва важныя, паколькі парламент і мясцовыя саветы ў адпаведнасці з абноўленай Канстытуцыяй з'яўляюцца асновай фарміравання Усебеларускага народнага сходу. Гэты орган у Беларусі набыў канстытуцыйны статус.-0-