Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
13 мая 2021, 10:50

Лукашэнка: толькі сам беларускі народ мае права вырашаць, якой павінна быць яго будучыня

13 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Толькі сам беларускі народ мае права вырашаць, якой павінна быць яго будучыня. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на цырымоніі ўручэння даверчых грамат пасламі замежных дзяржаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Вітаючы дыпламатаў, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што сустрэча праходзіць адразу пасля святкавання свяшчэннай для кожнага беларуса даты - Дня Перамогі - і напярэдадні 80-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны. "Самай крывавай у гісторыі чалавецтва бойні, якая прынесла невычэрпныя бедствы ўсім народам Савецкага Саюза", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што ў Беларусі загінуў кожны трэці яе жыхар, па большай частцы - мірнае насельніцтва. "Па сутнасці, гэта было мэтанакіраванае, жорсткае і бесчалавечнае знішчэнне людзей, сапраўдны генацыд. Мы гэта памятаем і ў майскія дні кожны год славім герояў, смуткуем аб шматмільённых бязвінных ахвярах", - заявіў ён.

Аляксандр Лукашэнка са шкадаваннем канстатаваў: сёння сітуацыя ў свеце далёкая ад спакойнай. Барацьбу за геапалітычны ўплыў, перадзел сфер інтарэсаў у эканоміцы абвастрыла пандэмія каранавіруса, якая яшчэ больш узмацніла супярэчнасці.

"Мы не можам гэта ігнараваць, гэтак жа, як і вы, - адзначыў кіраўнік дзяржавы. - Не стамлюся паўтараць, што толькі сам беларускі народ мае права вырашаць, якой павінна быць яго будучыня".

Прэзідэнт нагадаў: у лютым у Мінску прайшоў Усебеларускі народны сход. У яго рабоце прынялі ўдзел больш як 2,5 тыс. дэлегатаў - прадстаўнікі ўсіх слаёў грамадства, людзі розных прафесій і палітычных поглядаў. "Рашэнні гэтага прадстаўнічага форуму адназначна пацвердзілі падтрымку дзяржаўнага курсу на далейшае развіццё сацыяльнай дзяржавы з высокатэхналагічнай эканомікай. Пры гэтым народнае веча паказала таксама запатрабаванне грамадства - прынамсі, часткі нашага грамадства - на пэўныя перамены, у тым ліку ў грамадска-палітычным жыцці", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што беларусы падтрымалі аб'яўлены працэс канстытуцыйнай рэформы, які, паводле яго слоў, ідзе адкрыта, з шырокім абмеркаваннем. "Праўда, гэта не ўсім падабаецца за мяжой, - заўважыў ён. - Але нават у такіх няпростых умовах Беларусь застаецца прыхільнай да канструктыўнага ўзаемадзеяння на міжнароднай арэне. Мы заўсёды настроены на дыялог. Але ён павінен быць паважлівым, сумленным і раўнапраўным".

"Вельмі спадзяюся, што вы прапануеце цікавыя ідэі для развіцця супрацоўніцтва, узбагаціце нас станоўчым вопытам сваіх краін", - дадаў беларускі лідар.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі