Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
15 сакавіка 2021, 09:34

Лукашэнка расказаў аб сваім "залатым дне"

15 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка пракаменціраваў інфармацыю, агучаную ў фільме аб яго "залатым дне", што выйшаў у інтэрнэце, дзе расказваецца пра раскошу, у якой жыве кіраўнік беларускай дзяржавы. Аб гэтым ён расказаў 13 сакавіка, адказваючы на пытанні журналістаў пасля ўдзелу ў "Мінскай лыжні", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў хлуслівасць прадстаўленай інфармацыі. Ён сказаў, што яшчэ не глядзеў гэты фільм. "Я пастараюся. Кажуць, вельмі вялікі фільм, доўгі. У мяне столькі часу няма глядзець. Мне далі проста блокамі аналіз, - адзначыў Прэзідэнт. - Я таксама зрабіў вывад, што новага тут нічога няма".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ніколі сабе не дазволіў бы гаварыць адно, а рабіць іншае, паколькі, асабліва ў вачах тых людзей, якія яго падтрымліваюць, выглядаў бы вельмі негатыўна. "Самае страшнае для мяне - абняславіцца перад вамі. Я ніколі не зраблю так, як я не гавару. Калі я сказаў, так павінен і зрабіць. Таму не трэба шукаць. Яны ўзяліся за гэту тэму дарэмна. Гэта калька з фільма пра Пуціна, - адзначыў беларускі лідар. - Палацы там, яшчэ нешта, і ў штаны залезлі ў канцы. Слухайце, ну гэта ўвогуле ўжо непрыстойна. Прытым называюць канкрэтныя прозвішчы, якія не маюць ніякага дачынення, клянуся вам. Навошта?"

Прэзідэнт сказаў, што ўсё ж такі павінен паглядзець фільм цалкам перад тым, як правесці і паказаць у рэальнасці тое, аб чым там расказваюць: "Я павінен вам паказаць. Яны ж прозвішчы называлі, паказвалі нейкія збудаванні. Я проста вас прывяду да сябе дамоў, пакажу гэту лазню, пакажу, дзе дровы сек. У гэтай вёсцы, дзе я жыву".

Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што ніякай раскошы ў тых месцах, дзе ён спыняецца, няма. Напрыклад, на Прыпяці, куды ён звычайна прыязджае вясной. "Там база адпачынку і драўляны дом, дзе Прэзідэнт спыняецца. Адна частка грамадская. Агульная зала вялікая. Мая спальня і дзіцячы пакой. Усё. Ну што гэта, палац? Дык ён жа не мой. Гэта дзяржаўны", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Расказаў ён і пра гадзіннік, які фігураваў у фільме: "Ён ужо, напэўна, гадоў 15 гэты гадзіннік. Скажу вам шчыра, яны няхай не перажываюць, гэты гадзіннік мне падарыў Нурсултан Абішавіч Назарбаеў (першы Прэзідэнт Казахстана. - Заўвага БЕЛТА)".

"І наогул адкрываю вам сакрэт: ні адзін Прэзідэнт, я думаю, гадзіннік не купляе, калі не "круты", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

Ён растлумачыў, што на такіх вялікіх мерапрыемствах, як міжнародныя саміты, гаспадар, як правіла, дорыць гасцям тыя ці іншыя падарункі. "Я даручыў, каб іх змясцілі ўсе ў Палацы Незалежнасці ў музеі (падарункі Прэзідэнту паводле закону захоўваюцца ў рэзідэнцыі Прэзідэнта). Там - ад гадзінніка нашага "Луч" (гэта мой першы, яшчэ я кандыдатам у Прэзідэнты быў) да вось гэтага гадзінніка, - расказаў Аляксандр Лукашэнка. - Няхай не перажываюць, што нехта заплаціў за гэты гадзіннік. Ну а па цане вы бачылі. Яны перабольшваюць у 10-15 разоў цану і кажуць: ах, як Лукашэнка схільны да золата. Выносіць не магу вось гэту празмернасць".

"Я больш за ўсё перажываў, каб вы, паглядзеўшы, не сказалі: ну а каго мы абараняем? Вось гэта для мяне было самае страшнае", - акцэнтаваў увагу кіраўнік дзяржавы.

Што датычыцца фінансавых сродкаў, Прэзідэнт растлумачыў, што ў яго распараджэнні ёсць так званы непарушны запас, які акумулюецца гадамі, на экстранны выпадак. "Грошы, якія я выкарыстоўваю, ну вось у пандэмію, - урачам трэба даплаціць, тэрмінова лякарствы купіць і іншае. У бюджэце не запланаваны гэтыя грошы, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Я ніколі сабе не дазволю ўкрасці нешта ў людзей. Таму што я вырас не ў галечы, але ў беднасці страшэннай. І я ведаю цану кожнаму рублю".

Прэзідэнт лічыць, што аўтары фільма дарэмна ўзяліся за гэту тэму, відаць, ад бязвыхаднасці. "Бойцеся гэтых людзей. Вы ж бачыце, як яны кідаюцца на чужую ўласнасць. Вось гэтак яны будуць кіраваць краінай. Яны вось гэтых нашых бізнесменчыкаў, ІТ-шнічкаў і ІП-шнічкаў распрануць на працягу двух гадоў. Хутка. Добра распранулі б ды народу далі - у кішэнь сабе пакладуць, - заўважыў кіраўнік дзяржавы. - Яны перапісалі ўжо прадпрыемствы і падзялілі. Не дай бог, мы іх не спынілі б - сёння жылі б у іншай краіне. Вось у чым праблема".

"Нам трэба справай займацца. А пройдзе час - людзі ацэняць", - рэзюмаваў беларускі лідар.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі