Навіны сюжэта
"Беларуская АЭС найноўшага пакалення 3+"
21 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка мае намер у бліжэйшы час абмеркаваць са сваім расійскім калегам Уладзімірам Пуціным будаўніцтва ў рэспубліцы другой атамнай электрастанцыі. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў 21 студзеня ў час сустрэчы з працоўным калектывам Мінскага аўтамабільнага завода і іншых прадпрыемстваў холдынга, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"У нас сёння нават невялікі лішак электраэнергіі. Але ў будучым гэтага можа не хапіць. Таму мы ў бліжэйшы час абмяркуем з Прэзідэнтам Расіі пытанне будаўніцтва другой атамнай станцыі на тэрыторыі Беларусі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, месца будаўніцтва яшчэ не вызначана, але патэнцыяльныя пляцоўкі ёсць. "Або пашыраць будзем тую ў Астраўцы, або ў нас ёсць іншая міжнародна прызнаная пляцоўка на поўдзень ад Магілёва, дзе можна пабудаваць гэту станцыю, - растлумачыў кіраўнік дзяржавы. - Лішняй электраэнергіі не бывае, мы заўсёды спажывём".
Прэзідэнт нагадаў, што ў Беларусі актыўна будуецца жыллё з электрычным ацяпленнем і падагрэвам, развіваецца электратранспарт. "Калі мы пабудуем другую станцыю, мы поўнасцю забяспечым людзей і па транспарце, і па жыллі. Таму на гэта будзем арыентавацца", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.-0-