Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
28 лютага 2020, 12:48

Лукашэнка: факты нясвоечасовай выплаты зарплаты трэба выпальваць гарачым жалезам

28 лютага, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе "выпальваць гарачым жалезам" факты нясвоечасовай выплаты зарплаты. Аб гэтым ён заявіў сёння на VIII з'ездзе Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Тое, што чалавек зарабіў, павінна быць яму выплачана безагаворачна", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт адзначыў, што, як яго інфармавалі прафсаюзы, найбольшую занепакоенасць выклікаюць факты нясвоечасовай выплаты. "Вось гэта трэба выпальваць гарачым жалезам. Адказнасць кіраўнікоў прадпрыемстваў павінна быць адназначная. Зарплату, кроў з носа, плаціць трэба", - падкрэсліў беларускі лідар.

Паводле яго слоў, затрымкі зарплаты характэрныя для шэрага сельскагаспадарчых арганізацый Віцебскай вобласці. Прычым у некаторых выпадках у студзені людзі не атрымалі разлік за кастрычнік. "Больш таго, людзі не толькі зарплаты сваёй не бачаць, але і пазбаўляюцца часткі пенсіі. Таму што наймальнікі не плацяць за іх узносы ў Фонд сацыяльнай абароны. Гэта, вядома, недапушчальна!" - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым заўважыў, што, напэўна, КДК, урад, пракуратура чакаюць чарговых жорсткіх даручэнняў. "Не хацелася б прыходзіць да гэтай жорсткасці. У адваротным выпадку мы затрымаем зарплату ўсім пералічаным структурам і выплацім за гэты кошт зарплату тым людзям, каму не выплачана", - папярэдзіў Прэзідэнт.

"Я не раз паўтараў, што своечасовая выплата заработнай платы - адзін з важнейшых паказчыкаў эфектыўнасці работы кіраўніцтва. Праца павінна быць аплачана. Прычым своечасова!" - дадаў кіраўнік дзяржавы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі