29 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка раіць беларускім спартсменам ва ўмовах санкцый арыентавацца на вынікі ў расійскім спорце і старацца перамагаць там. Аб гэтым ён заявіў, заслухоўваючы даклад аб развіцці беларускага футбола. Але пытанне кіраўнік дзяржавы паставіў больш шырока - у цэлым аб сферы спорту ў Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што многія "пачынаюць выць" і скардзіцца на санкцыі, што беларускіх спартсменаў не дапускаюць да міжнародных спаборніцтваў. "А куды вас не пускаюць? Вас што, у Расію не пускаюць? Гэта самая моцная спартыўная дзяржава нашай планеты, - сказаў Прэзідэнт. - Я назіраю цяпер вельмі пільна (больш, упэўнены, чым хто-небудзь з вас), што адбываецца ў Расійскай Федэрацыі са спортам. Там пастаянна паказчыкі ў спорце павялічваюцца. Там лыжнікі бегалі слабей - цяпер бягуць хутчэй. Там хакей - ёсць хакей. І футбол там - дай бог. Я гавару: выйграйце ў расіян. Паспаборнічайце з імі і прыйдзіце далажыце, што вы выступілі лепш, чым расіяне, ва ўсіх відах спорту. І ад вас больш нічога не трэба. Краіна будзе шчаслівая".
Што датычыцца ў цэлым цяперашніх вынікаў у айчынным спорце, Прэзідэнт выказаўся ёміста і вельмі дакладна: "Сорамна глядзець. Часам брыдка".
Ён таксама звярнуў увагу, што там, дзе ёсць вынікі, яны часта нестабільныя, і значныя перамогі змяняюцца невыразнай гульнёй і вынікамі.-0-