Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
04 лістапада 2021, 18:08

Лукашэнка: Беларусь і Расія пачынаюць перазагрузку сумеснай эканамічнай прасторы

4 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Расія пачынаюць перазагрузку сумеснай эканамічнай прасторы. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на пасяджэнні Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Жыццё не стаіць на месцы. Усе мы ў той ці іншай ступені ўсведамляем неабходнасць далейшага руху наперад па шляху саюзнага будаўніцтва. Тым самым забяспечваецца абарона інтарэсаў Беларусі і Расіі ў агульнасусветнай прасторы", - адзначыў Прэзідэнт.

Зыходзячы з гэтага, лідары Беларусі і Расіі ў 2019 годзе паставілі перад урадамі задачу ацаніць вынікі саюзнай інтэграцыі і вызначыць крокі па яе паглыбленні. Вынікам гэтай работы стаў праект Асноўных напрамкаў рэалізацыі палажэнняў Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы на 2021-2023 гады. Пасля іх зацвярджэння Вышэйшым дзяржсаветам урадам неабходна на працягу двух гадоў прыняць меры па рэалізацыі шэрага канцэптуальных рашэнняў, адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"Па сутнасці, мы пачынаем перазагрузку сумеснай эканамічнай прасторы. Яна прадугледжвае ўкараненне сучасных тэхналогій, стыляў, метадаў прыняцця рашэнняў", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, вынікам гэтай работы павінны стаць фарміраванне якасна новага асяроддзя абароту тавараў і паслуг, стварэнне аб'яднаных галіновых рынкаў, рэалізацыя адзіных фінансавай, падатковай, крэдытнай, прамысловай і іншых палітык.

"На новы ўзровень трэба вывесці супрацоўніцтва органаў дзяржаўнага кіравання, паставіўшы перад імі задачу вырашаць пытанні двухбаковых адносін у першачарговым парадку з улікам узаемных інтарэсаў. Разам з тым хачу перасцерагчы ўрады ад паглыблення ў тэорыю. Практычную аддачу ад рашэнняў, якія прымаюцца, мы павінны ўбачыць, што называецца, ужо заўтра. Перш за ўсё размова ідзе аб рэалізацыі значных сумесных праектаў. Станоўчыя прыклады ў нас ужо ёсць. Яны не адзін раз абмяркоўваліся на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў. У прыватнасці, у сферах атамнай энергетыкі і асваення космасу", - адзначыў Прэзідэнт.

Беларусь і Расія дасягнулі дамоўленасцей і па іншых перспектыўных напрамках сумеснай работы. Гэта праекты па пілатуемай касманаўтыцы і стварэнні новага апарата зандзіравання Зямлі звышвысокага распазнавання, у сферы праектавання і вытворчасці электроннай кампанентнай базы.

Аляксандр Лукашэнка папрасіў Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы ўзяць гэтыя пытанні на асаблівы кантроль. "Усе дамоўленасці прэзідэнтаў па такіх важных перспектыўных напрамках павінны быць фармалізаваны праз адпаведныя рашэнні саюзных органаў", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт упэўнены, што ўсе прынятыя на пасяджэнні Вышэйшага дзяржаўнага савета дакументы чарговы раз пацвярджаюць наяўнасць значнага патэнцыялу для далейшага развіцця Саюзнай дзяржавы. "Наперадзе нас чакае вялікая работа, але я ўпэўнены: усё намечанае будзе рэалізавана ў поўным аб'ёме на карысць нашых краін і народаў, што адпавядае мэтам і прынцыпам саюзнага будаўніцтва", - падвёў вынік беларускі лідар.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі