Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
10 чэрвеня 2022, 14:22

Лукашэнка аб недапрацоўках у ЖКГ: нечакана ў нас надыходзіць зіма ў снежні і пачынаюцца дажджы восенню

10 чэрвеня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка выступіў з крытыкай наконт існуючых праблем у сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Адпаведныя заявы кіраўнік дзяржавы зрабіў на рэспубліканскім семінары-нарадзе "Актуалізацыя метадаў і форм работы з насельніцтвам на мясцовым узроўні", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Вал зваротаў па пытаннях ЖКГ звязаны з хранічнымі праблемамі ў гэтай сферы: няякаснае аказанне паслуг, неабгрунтаванае завышэнне аб'ёмаў затрат, парушэнне тэрмінаў, прадастаўленне недакладнай інфармацыі аб выкананні работ, адсутнасць сістэмы зваротнай сувязі. Традыцыйна нечакана ў нас надыходзіць зіма ў снежні і пачынаюцца дажджы восенню", - заўважыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка прывёў канкрэтны прыклад. "Нядаўна звярнулася жанчына, ветэран працы, 91 год, інвалід першай групы. Жанчына, якая паклала сваё жыццё дзеля нашай дзяржавы. Восенню пачалі капрамонт дома, дэманціравалі дах. Зразумела, усю кватэру заліло дажджавой вадой. Цяпер патрабуецца капрамонт самой кватэры. Але ўсе ўмылі рукі. Хто адкажа? Хто дапаможа гэтаму чалавеку? Яшчэ раз паўтараю: самі будзем такімі - і бог нас пакарае", - сказаў беларускі лідар.

"Пагардлівае і высакамернае стаўленне да людзей, якія звяртаюцца па дапамогу да дзяржавы, недапушчальна. Абсалютна непрымальныя хамства, фанабэрыя, бюракратычная цяганіна, якая вымотвае чалавека", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён канстатаваў, што, на жаль, ёсць такія прыклады: "Чалавек звярнуўся, здавалася б, з элементарнай просьбай - прыбраць дрэва над месцам пахавання. Сам не можа. Прыбралі, і ўсё склалі на магілку. Такія дзеянні… Як чалавек пасля гэтага павінен да нас ставіцца, як ён на гэта павінен рэагаваць?"

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што грашаць службы ЖКГ і фармалізмам, абыякавасцю, нежаданнем займацца практычным вырашэннем праблем, якія ўзніклі ў грамадзян: замест вывазу будаўнічага смецця, якое сабралася на пад'язных пуцях да дома, высылаюць копію генеральнага плана з пазначаным на паперы праездам; замест ачысткі падвалаў ад каналізацыйных сцёкаў месяцамі шукаюць балансатрымальніка каналізацыйных сетак.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што грашаць і дарожнікі: "Часам так адрамантуюць вясковую дарогу, што ўся гразь і вада цякуць у агароды".

"А колькі пытанняў да будаўнікоў! Часам так будуюць дамы для шматдзетных, што тыя месяцамі вымушаны хадзіць і прасіць устараніць недаробкі. Прычым сур'ёзныя. І такіх фактаў хапае", - прывёў яшчэ адзін прыклад кіраўнік дзяржавы.

"А чаго не хапае, каб вырашыць гэтыя, здавалася б, дробязныя, з нашага пункту гледжання, пытанні? Што ў нас не хапае? Улады? Жадання ў нас няма. І Адміністрацыя Прэзідэнта гэтым павінна заняцца прадметна з усімі вышэйшымі службовымі асобамі. У адваротным выпадку, калі гэты вал будзе ісці, працаваць вы не будзеце. Калі мы не зробім высновы з таго, што адбылося ў 2020-м і пасля, мы зробім вялікі крок да ўкраінскіх падзей. Але нам будзе цяжэй, чым Украіне. Я вас не палохаю. Вы ведаеце, што я проста так не гавару", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён звярнуў увагу, што падыходы асобных чыноўнікаў і фарміруюць у грамадстве справядлівыя стэрэатыпы аб уладзе на месцах, якія праецыруюцца потым на ўсю вертыкаль. У выніку чалавек шукае выхад на вышэйшыя інстанцыі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі