16 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 16 студзеня ў час размовы з прадстаўнікамі працоўных калектываў Мінскага гарадскога тэхнапарка выказаўся аб канкурэнтных перспектывах ТАА "МотаВелаЗавод", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
За апошнія гады пры падтрымцы дзяржавы і асабіста Аляксандра Лукашэнкі было шмат зроблена не толькі для захавання вытворчасці на мотавелазаводзе, але і для яго развіцця, стварэння неабходных умоў для камфортнай работы супрацоўнікаў і выпуску як добра вядомых, запатрабаваных на рынку марак айчынных веласіпедаў і матацыклаў, так і новых мадэлей.
У бягучым годзе прадпрыемства адзначыць 80-годдзе гандлёвых марак "МІНСК" і "АІСТ". На перададзеных плошчах пасля рэканструкцыі ў красавіку 2024 года ўведзены ў эксплуатацыю цэх металаканструкцый, зборачны цэх, складскі комплекс. З ліпеня пачаў працаваць новы цэх афарбоўкі. Па выніках 11 месяцаў 2024 года прадпрыемства спрацавала з чыстым прыбыткам, забяспечваючы прырост заработнай платы. Доля экспарту ў агульным аб'ёме рэалізацыі перасягнула 35 працэнтаў. Праведзена работа па павышэнні ўзроўню лакалізацыі вытворчасці.
У 2024 годзе на магутнасцях ТАА "МотаВелаЗавод" зманціраваны і запушчаны ўчастак па тэсціраванні і зборцы літыевых акумулятарных батарэй. Развіццё перспектыўнай вытворчасці ў 2025 годзе накіравана на распрацоўку і выпуск электратранспарту.
Якраз гэтага напрамку і датычылася пытанне кіраўніку дзяржавы аднаго з супрацоўнікаў прадпрыемства: ці магчыма атрымаць дзяржзаказ на такую прадукцыю для забеспячэння электравеласіпедамі і матацыкламі медыкаў, міліцыі, ваенных і іншых службаў, асабліва ў сельскай мясцовасці.
"Усё, што трэба, я вам зрабіў. Далей - вырабляйце і прадавайце", - адказаў Прэзідэнт. Ён звярнуў увагу, што людзі ў Беларусі могуць зрабіць усё, нават касмічную ракету. Але галоўнае пытанне - час і грошы. Аб рэалізацыі прадукцыі павінна клапаціцца перш за ўсё само прадпрыемства, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. "Мы ўсё можам вырабіць, галоўнае - прадаць. Таму калі вы вырабілі - прадавайце, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Памятайце, што гэта - ваша работа".-0-