Сцяг Серада, 8 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
26 красавіка 2021, 10:44

"Яны свядома ахвяравалі сабой у імя жыцця іншых" - Лукашэнка ўшанаваў памяць ліквідатараў аварыі на ЧАЭС

26 красавіка, Брагін /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у мітынгу-рэквіеме з нагоды 35-годдзя аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі, які адбыўся сёння ў Брагіне, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што чарнобыльская аварыя прызнана самай маштабнай тэхнагеннай катастрофай у гісторыі чалавецтва. Яе наступствы закранулі больш як два дзясяткі краін, але асноўны ўдар прыпаў на Беларусь.

"І сёння, праз 35 гадоў з дня трагедыі, мы сабраліся тут, прыкладна за 46 кіламетраў ад ачага выбуху, каб ушанаваць памяць герояў, якія выратавалі ад яшчэ большай трагедыі гэты Еўрапейскі рэгіён", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

У ліку такіх герояў беларускі лідар назваў ураджэнца Брагінскага раёна Васіля Іванавіча Ігнаценку. "Ён увайшоў у гісторыю як камандзір, які паказаў асабісты прыклад мужнасці і смеласці пры выкананні складанай баявой задачы, як моцны духам чалавек, які, нягледзячы на атрыманыя апёкі, ратаваў і сваіх таварышаў", - звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. Дзякуючы зладжаным дзеянням атрада Ігнаценкі пажар на даху працуючага 4-га энергаблока атамнай станцыі быў поўнасцю ліквідаваны. Камандзіру атрада пасмяротна было прысвоена званне Героя Украіны.

"Успамінаючы Васіля Ігнаценку, мы аддаём даніну памяці подзвігу пажарных, ваенных, медыкаў, навуковых і тэхнічных супрацоўнікаў станцыі. Тых, хто цаной сваго жыцця змагаўся з агнём, аказваў першую дапамогу на месцы аварыі і ўзводзіў ахоўны саркафаг", - заявіў Прэзідэнт. Ён нагадаў, што сярод ліквідатараў аварыі на ЧАЭС - 115 тыс. беларусаў, хоць не беларусы будавалі гэту станцыю, не яны яе эксплуатавалі і не па іх віне здарылася катастрофа, але менавіта яны прынялі на сябе асноўны ўдар.

"Подзвіг герояў-чарнобыльцаў уразіў свет. І справа нават не ў тым, што гэтыя людзі працавалі на мяжы сваіх магчымасцей і зрабілі ўсё, каб мінімізаваць пагрозу, а ў тым, што яны свядома ахвяравалі сабой у імя жыцця іншых, гэтак як Васіль (Ігнаценка. - Заўвага БЕЛТА), - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Яны ведалі, што давядзецца працаваць ва ўмовах смяротнага ўздзеяння радыяцыі, што вялікая рызыка чарговага выбуху, і тым не менш ішлі на аб'ект і выконвалі свой абавязак. Без сумненняў і страху, у адным страі, падстаўляючы адзін аднаму плячо, так, як заўсёды гэта рабілі савецкія людзі".

"Калі б не мужнасць, вернасць абавязку і самаадданасць гэтых людзей, маштабы гэтай трагедыі - чарнобыльскай аварыі - былі б значна большыя. Подзвіг герояў, якія аддалі жыццё за бяспечную будучыню людзей Зямлі, мы ніколі не павінны забыць. Светлая памяць героям", - сказаў беларускі лідар.

У час мітынгу-рэквіема адбылася мінута маўчання ў памяць аб подзвігу герояў-ліквідатараў Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі, былі ўскладзены кветкі да бюста Васіля Ігнаценкі ў цэнтры Брагіна.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі