Сцяг Серада, 15 студзеня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
15 студзеня 2025, 18:13

"Дробязі ўсюды па краіне выліваюцца ў мільярды". Чаму Лукашэнка ўчыніў дэталёвы "допыт" чыноўнікаў

15 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе, каб у Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграме на 2025 год не было нічога лішняга, а ўсе запланаваныя затраты фарміраваліся аптымальна. Аб гэтым ён заявіў, заслухоўваючы пашыраны даклад на гэту тэму, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Раней кіраўнік дзяржавы першапачаткова не зацвердзіў прапанаваны яму дакумент, сабраўшы мерапрыемства на гэту тэму ў пашыраным складзе, каб з удзелам кіраўнікоў рэгіёнаў, кантралюючых органаў і іншых адказных комплексна абмеркаваць прынцыповыя пытанні.

Як адзначыў міністр эканомікі Юрый Чабатар, Дзяржаўная інвестыцыйная праграма - гэта асноўны фінансавы дакумент краіны па рэалізацыі важнейшых дзяржбудоўляў з прыцягненнем сродкаў рэспубліканскага бюджэту. На рэалізацыю праграмы ў бягучым годзе плануецца накіраваць Br2,2 млрд.
Аляксандр Лукашэнка адразу паставіў прынцыповае пытанне аб тым, што змянілася ў прадстаўленым на разгляд кіраўніка дзяржавы дакуменце пасля яго даручэння дадаткова прааналізаваць і выключыць усё лішняе. Тым больш што праект праграмы прайшоў праз так званы фільтр - Адміністрацыю Прэзідэнта. "Праз Адміністрацыю Прэзідэнта нічога шкоднага на стол Прэзідэнта не павінна класціся", - падкрэсліў ён.

Прэзідэнт на шэрагу канкрэтных прыкладаў звярнуў увагу, што безгаспадарчасці і лішніх трат быць не павінна. "Дробязі ўсюды па краіне выліваюцца ў мільярды, - заўважыў ён. - А вы нагой да Селіверстава (міністр фінансаў Юрый Селіверстаў. - Заўвага БЕЛТА) дзверы адчынілі - ён вам мільярды гэтыя аддаў. На пагашэнне крэдытаў, яшчэ для нечага. А па-гаспадарску падысці?"

Паводле слоў Юрыя Чабатара, Дзяржінвестпраграму можна ўмоўна падзяліць на дзве часткі. Першае - мерапрыемствы. Сярод іх меліярацыя, будаўніцтва арэнднага жылля і іншыя. "На гэта прадугледжана больш як Br900 млн. Так, у 2025 годзе плануецца меліяраваць 110 тыс. га зямель. Частка сродкаў прадугледжана ў Дзяржінвестпраграме. Будзе ўзведзена не менш як 145 тыс. кв.м арэнднага жылля ва ўсіх рэгіёнах для медыкаў, настаўнікаў, работнікаў дэфіцытных спецыяльнасцей, пабудавана каля 100 км лесагаспадарчых дарог", - пералічыў ён шэраг прадугледжаных у дакуменце артыкулаў расходаў.

Яшчэ адзін пункт - пагашэнне крэдытаў, раней выдадзеных на важныя будоўлі, якія ўжо завершаны. Напрыклад, грошы выдзяляліся на будаўніцтва інтэрнатаў ВНУ, хірургічнага корпуса па вуліцы Сямашкі ў Мінску, авіярамонтнага завода ў Нацыянальным аэрапорце.

Аднак Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на эфектыўнасць патрачаных сродкаў. Напрыклад, у мінулым годзе нямала ўкладзена ў меліярацыйныя работы. "А вы мне цяпер павінны далажыць, што вы пракантралявалі, што гэтыя гектары ўведзены ў строй і яны сёння выкарыстоўваюцца, - акрэсліў важны бок пытання кіраўнік дзяржавы. - Вось яшчэ праблема. Грошы ўклалі. Калі гэта не аўтобусная вытворчасць (дзе можна ўсё паштучна палічыць. - Заўвага БЕЛТА), хто там будзе ведаць... А ёсць аддача ці не?"
Ёсць пытанні ў Прэзідэнта і наконт згаданага гашэння крэдытаў. "Васіль Мікалаевіч (старшыня Камітэта дзяржкантролю Васіль Герасімаў. - Заўвага БЕЛТА), вы павінны цвёрда разумець і ведаць, як тут ідуць справы. І не проста тэарэтычна, агулам. А на лічбах", - адзначыў беларускі лідар.

Юрый Чабатар прадоўжыў свой даклад, адзначыўшы, што другі блок інвестпраграмы - гэта ўжо канкрэтныя аб'екты. Такіх больш за 80 на Br1,1 млрд. Сярод іх 22 рэспубліканскія масты і дарог на Br606 млн.

"Наконт дарог і мастоў. Зноў: Сівак (адказны за транспартную сферу Анатоль Сівак. - Заўвага БЕЛТА) палічыў; добра, калі яшчэ Сівак, - ведамства палічыла кошт мастоў і дарог, і вы хуценька ў праграму ўключылі. Нікому няма справы. Ні вам, ні Герасімаву", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён растлумачыў, што мае на ўвазе. Напрыклад, нават па шляху свайго праезду Прэзідэнт не раз звяртаў увагу і даваў даручэнні наконт празмернасці прыдарожнага абсталявання. А канкрэтна - устаноўкі шумазасцерагальных шчытоў. Недзе такія канструкцыі сапраўды неабходныя, але месцамі імі фактычна абгарадзілі лес, патраціўшы дарэмна грошы. Больш таго, Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб сваім даручэнні па высадцы дрэў і зялёных насаджэнняў уздоўж дарог, якія не толькі дапамагаюць пазбавіцца ад празмернага шуму, але і з'яўляюцца куды больш экалагічным рашэннем, чым шчыты.

Яшчэ Дзяржінвестпраграмай прадугледжана ўзвядзенне аб'ектаў сацыяльнай сферы. Напрыклад, плануецца завяршыць раённую бальніцу ў Паставах, інфекцыйную бальніцу ў Віцебску, школу і паліклініку ў Астраўцы. Прадоўжыцца будаўніцтва РНПЦ дзіцячай анкалогіі ў Бараўлянах і РНПЦ "Маці і дзіця" ў Мінску. Будуць рэалізаваны праекты, якія маюць эканамічны эфект, і здольны забяспечыць развіццё вытворчай сферы.
Прэзідэнт і на прыкладзе медыцынскіх устаноў прапанаваў падумаць над тым, што і дзе сапраўды неабходна, і на што ў першую чаргу расходаваць сродкі. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў ахове здароўя ў першую чаргу ёсць вузкія месцы ў рэгіёнах. Гэта датычыцца работы ФАПаў, чэргаў у паліклініках.

"Дык, можа, туды накіраваць гэтыя грошы? Пачынаючы з зарплат і іншага. Вось у чым пытанне. Вось у чым праблема - каб мы лічылі кожную капейку. Я не гавару, што нам не трэба бальніц. У нас людзі маюць праблему анкалогіі, сардэчна-сасудзістыя захворванні. Давайце туды інвесціруем грошы, каб ратаваць людзей. Можа, замест таго, каб жалезабетонныя будаваць "палацы", накіраваць больш грашовых сродкаў, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Цяпер у нас кавід, грып, усякая зараза. Мы дзе вакцыны бяром? У Расіі. А чаму свае не вырабляем? Трэба грошы - давайце туды праінвесціруем і запатрабуем".-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі