Сцяг Чацвер, 2 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
25 мая 2020, 16:27

"Для іх не галоўнае гэтыя ўрачы. Галоўнае - хайпануць" - Лукашэнка аб фэйках у інтэрнэце

25 мая, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначае актывізацыю розных фэйкавых інфармацыйных каналаў. Аб гэтым ён заявіў сёння на нарадзе ў Мінску па актуальных сацыяльна-эканамічных і палітычных пытаннях, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Я заўважыў, што ў так званых фэйкавых каналах, Telegram-каналах і іншых яны апошнім часам чапляюць уладу за што папала. Раздуць могуць там скандал з нявыплатамі ў нейкай канкрэтнай арганізацыі - урачам, настаўнікам і гэтак далей. Я ўчора Наталлю Іванаўну (старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталля Качанава. - Заўвага БЕЛТА) папрасіў, каб яна абзваніла ўсіх губернатараў і проста па-чалавечы папярэдзіла іх: калі ёсць якая-небудзь праблема, яе трэба вырашыць на месцы".

Кіраўнік дзяржавы ў гэтым плане прывёў канкрэтны прыклад: "Ну што там гэта бабруйская хуткая дапамога... Калі яны сапраўды працуюць і звязаны з гэтымі эпідэмічнымі працэсамі, дык трэба падтрымаць людзей. Гэта капейкі для краіны. Але, з іншага боку, трэба разумець, што ў роўныя ўмовы мы не можам паставіць тых, хто сёння выконвае "чыстую" і "брудную" работу. У адваротным выпадку мы пакрыўдзім тых, хто сёння ходзіць у чырвоную зону і працуе з заражанымі каранавірусам".

"Таму ўраўнілаўкі быць не павінна. Але мяжа амаль непрыкметная", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што аўтары фэйкаў зусім не турбуюцца, напрыклад, аб урачах, а толькі імкнуцца хайпануць. "Для іх не галоўнае гэтыя ўрачы. Галоўнае - хайпануць. Яны на гэтым хочуць злавіць нейкі хайп. Гэта не наш шлях. Але, трэба пацярпець. Мы з імі разбяромся. Я ўчора вам гаварыў: настане час, мы ўсіх паставім на месца", - заявіў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка пры гэтым адзначыў, што закрываць рот нікому нельга, і няхай людзі гавораць так, як яны думаюць. "А журналіст, калі ён журналіст, нейкі блогер або яшчэ нехта павінны пісаць сумленна, аб'ектыўна падаваць інфармацыю, а не ўзнімаць скандал. Калі не сумленна, калі не адпавядае рэчаіснасці, за гэта трэба адказваць. Як гэта было з расійскім Першым каналам", - акцэнтаваў увагу кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт дадаў, што цяпер і ў самой Расіі на міжнародным узроўні патрабуюць, каб адно з замежных заходніх выданняў папрасіла прабачэння за фальсіфікацыі на тэму каранавіруса. "Дык а навошта ж расійскія каналы ў нас гэта рабілі?" - задаў рытарычнае пытанне Аляксандр Лукашэнка.

"І я тут расіян падтрымліваю - ніхто не мае права гуляцца на гэтай тэме. Гэта жыццё людзей. Тут я побач з расіянамі, але адразу гавару: і вы сябе паводзьце адказна ў адносінах да іншых краін", - падкрэсліў беларускі лідар.

Ён яшчэ раз заклікаў у гэтай сітуацыі пацярпець, паколькі галоўнае - гэта выратаванне жыццяў людзей. "Мы павінны прайсці гэты шлях, як мы яго пачалі. І тады людзі разбяруцца, хто мае рацыю, а хто вінаваты. Усе ўжо ў Беларусі атрымалі прышчэпку і выпрацавалі імунітэт да гэтых нягоднікаў (аўтараў фэйкаў. - Заўвага БЕЛТА). Так, яны (людзі. - Заўвага БЕЛТА) гэта чытаюць, але правільна ацэньваюць. А тыя, хто няправільна ацэньваюць, яны і хочуць так ацэньваць няправільна. Мы іх ужо наўрад ці перавыхаваем і павярнём на шлях праўды, - лічыць кіраўнік дзяржавы. - Гэта пэўная частка людзей. Яны ненавідзелі і ненавідзяць Лукашэнку, лічаць, што трэба больш яму падкінуць праблем, каб ён спатыкнуўся і ўпаў. Гэта ж мы бачылі і бачым цяпер. Да гэтага трэба больш спакойна ставіцца і проста людзям расказваць на фактах".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі