Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
20 верасня 2022, 13:15

Ад процідзеяння санкцыям да напаўнення бюджэту. Лукашэнка прыняў з дакладам кіраўніка ДМК

20 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам старшыню Дзяржаўнага мытнага камітэта Уладзіміра Арлоўскага. У цэнтры ўвагі былі пытанні функцыянавання мытных органаў - ад выканання задачы па напаўненні бюджэту да процідзеяння санкцыйнаму націску Захаду, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"З вашага пункту гледжання, якая сітуацыя на граніцы? Зразумела, пад вуглом эканомікі перш за ўсё. Як вы выконваеце асноўныя свае абавязкі па фарміраванні дзяржаўнага бюждэту ў той сферы, за якую вы адказныя?" - акрэсліў ключавыя пытанні кіраўнік дзяржавы ў пачатку сустрэчы.

Прэзідэнт нагадаў, што некаторы час таму адбылося пераразмеркаванне функцый і паўнамоцтваў паміж дзяржаўнымі пагранічным і мытным камітэтамі. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, як ідуць справы: "Што адбываецца ў сувязі з гэтым? Ці ёсць нейкія насцярожанасці? Можа, мы недзе памыліліся?"

"Я хацеў бы, каб вы далі ацэнку нашым дзеянням і (далажылі. - Заўвага БЕЛТА) як вы дзейнічаеце па напрамку процідзеяння санкцыйным мерам з боку Захаду, - прадоўжыў беларускі лідар. - Захад увёў супраць нас санкцыі. Мы адказалі. На вас ускладзена самая асноўная функцыя на пярэднім рубяжы, у эканоміцы - па кантролі за выкананнем мерапрыемстваў антысанкцыйнага характару, гэта значыць нашы меры ў адказ. Як яны сёння ў нас выглядаюць? Што адбываецца ў сувязі з гэтым?"

Асобна кіраўнік дзяржавы закрануў пытанне ўдасканалення інфраструктуры на пунктах мытнага пропуску і мытных тэхналогій. "Еўрапейскі саюз у свой час фінансаваў некаторыя сумесныя праграмы ў сферы мытні на нашай граніцы. У свой час яны перасталі нам дапамагаць, нас падтрымліваць у гэтым плане, адмовіліся ад выканання праграм. Гэта свінства поўнае: паабяцалі, дамовіліся, а потым на гэта ўсё плюнулі. Што ж, яны, відаць, маюць на гэта права, - сказаў Прэзідэнт. - Мы змаглі замясціць іх адсутнасць сваімі мерамі? Мы не страцілі гэтыя праграмы, прадаўжаем удасканальваць інфраструктуру мытных органаў?"

Акрамя размовы аб бягучым стане спраў у мытнай сферы была прычына згадаць і пра заслугі работнікаў ДМК, бо сёння адзначаецца іх прафесійнае свята. Кіраўнік дзяржавы цёпла павіншаваў усіх, каго гэта датычыцца: "Яны гэтага заслугоўваюць, перадайце ім самыя добрыя пажаданні ад майго імя. Яны выконваюць вельмі важныя функцыі. Дай бог, каб гэта заўсёды было дастойна, не так, як у першыя гады майго прэзідэнцтва".

Уладзімір Арлоўскі падзякаваў за віншаванне. Наконт сітуацыі на граніцы ён далажыў: "Вядома, з-за беспрэцэдэнтных санкцый Еўрасаюза работа наша моцна змянілася. Тое, што забаранілі ўезд нашым грузавікам, і беларускім і расійскім, гэта наклала сур'ёзны адбітак на нашу работу. Але мы на працягу тыдня арганізаваліся. У нас для гэтага ўжо былі лагістычныя цэнтры ўздоўж граніцы. Мы дабавілі, абсталявалі яшчэ шэраг пляцовак, перавялі асабовы склад у кругласутачны рэжым і работу па перачэпцы, перагрузцы наладзілі літаральна за тыдзень".

"Гэта значыць, заехала фура - адчэплівай або перагружай тавар і выязджай у Еўрасаюз, далей працуем мы і расіяне", - удакладніў Аляксандр Лукашэнка.

"Абсалютна правільна. Задзейнічаем нашых перавозчыкаў. І ў адваротны бок гэтак жа", - пацвердзіў кіраўнік ДМК.

Паводле інфармацыі ДМК, за 2022 год у рэспубліканскі бюджэт паступіла Br5,8 млрд мытных плацяжоў. Праз мытную граніцу ЕАЭС у Беларусь прайшло больш за 951 тыс. грузавых аўтатранспартных сродкаў, аб'ём перамешчаных тавараў склаў 12 млн т. Больш як у тры разы павялічылася колькасць перамешчанага легкавога транспарту - з 321 тыс. адзінак да 1,2 млн адзінак. У гэтым годзе плануецца завяршыць рэканструкцыю 7 аўтадарожных пунктаў пропуску: "Брэст", "Макраны", "Беняконі", "Катлоўка", "Відзы", "Грыгароўшчына" і "Новая Рудня".

З пачатку 2022 года ў бюджэт ад праваахоўнай дзейнасці мытных органаў паступіла больш за Br38 млн, што на 38 працэнтаў вышэй за паказчыкі за аналагічны перыяд мінулага года. Спынена 266 фактаў незаконнага перамяшчэння наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў, узбуджана 127 крымінальных спраў, канфіскавана каля 500 кг наркатычных сродкаў, псіхатропных і моцнадзейных рэчываў. Выяўлена 60 фактаў незаконных дзеянняў адносна зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў, узбуджана 6 крымінальных спраў, затрымана 267 адзінак зброі і боепрыпасаў.

Што датычыцца мер, якія прымаюцца мытнымі органамі для процідзеяння санкцыйнаму націску, то ў ДМК нагадалі аб устаноўленай у Беларусі забароне на перамяшчэнне па яе тэрыторыі грузавых аўтамабіляў краін Еўрасаюза (гэта мера прынята ў адказ на ўведзеныя з боку ЕС санкцыі ў адносінах да беларускіх і расійсікх транспартных кампаній). Для перамяшчэння тавараў у недружалюбныя краіны або з іх магчыма перачэпка або перагрузка грузаў у 18 спецыяльна ўстаноўленых месцах, дзе могуць адначасова знаходзіцца амаль 2,2 тыс. грузавых аўтамабіляў. Штосутачна праходзіць каля 1 тыс. перачэпак і 400 перагрузак.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі