Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
01 сакавіка 2022, 09:51

Вынікі перагавораў на Прыпяці. Як ацанілі сустрэчу Украіна, Расія і Беларусь і што засталося за кадрам?

1 сакавіка, Гомельская вобласць /Кар. БЕЛТА/. Дэлегацыі Расіі і Украіны 28 лютага правялі ў Гомельскай вобласці свае першыя мірныя перагаворы. Бакі з двума перапынкамі правялі тры перагаворныя раўнды, а затым зрабілі заявы для прэсы. Давайце адновім храналогію падзей.

Першапачаткова меркавалася, што дэлегацыі Расіі і Украіны сустрэнуцца 27 лютага ў Гомелі. Менавіта такая дамоўленасць была дасягнута напярэдадні. Але нестабільная сітуацыя ва Украіне, відаць, уносіла свае карэктывы ў арганізацыю перагаворнага працэсу і прыйсці да разумення бакі змаглі толькі пасля тэлефоннай размовы прэзідэнтаў Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Зяленскага.

"Ваша бяспека - наш абавязак"

Было вырашана, што перагаворы адбудуцца ў Гомельскай вобласці на Прыпяці - недалёка ад украінскай граніцы. Расійскі бок пераехаў да месца сустрэчы ў той жа дзень, а вось украінская дэлегацыя ў мэтах бяспекі ўскладніла свой маршрут і прыбыла сюды толькі днём 28 лютага. Яны перасякалі граніцу з боку Польшчы, а на перагаворы прыляцелі на беларускіх ваенных самалётах.

Увесь гэты час як у месцы сустрэчы, так і ў медыяпрасторы панавала даволі нервовая атмасфера: ніхто не хацеў, каб так цяжка арганізаваны перагаворны працэс быў у выніку сарваны.

Сустракаў гасцей, якія, зрэшты, у гэты момант былі тут гаспадарамі, міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей. Кіраўнік МЗС прывітаў дэлегацыі ад імя кіраўніка дзяржавы і заявіў, што яны могуць адчуваць сябе ў поўнай бяспецы.

"Як было дамоўлена з прэзідэнтамі Зяленскім і Пуціным, вы можаце адчуваць сябе ў поўнай бяспецы. Гэта наш святы абавязак", - сказаў Уладзімір Макей.

Прадстаўнікі Расіі і Украіны селі за перагаворны стол каля 14 гадзін. Некалькі разоў у СМІ з'яўлялася інфармацыя, што перагаворы завяршыліся, але, відаць, нечыя чаканні так і не былі выкананы: дэлегацыі прадаўжалі сустрэчу. Праз пяць гадзін яны падвялі кароткія вынікі. Гэта былі заявы для прэсы, пытанні журналістам задаваць не дазволілі.

Што сказала Украіна?

Як расказаў прадстаўнік украінскай дэлегацыі саветнік кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк, бакі вызначылі шэраг прыярытэтных тэм, па якіх намеціліся пэўныя рашэнні. Асноўнай мэтай перагавораў, паводле яго слоў, было абмеркаванне пытанняў спынення агню на тэрыторыі Украіны і баявых дзеянняў.

"Дзеля таго, каб гэтыя рашэнні атрымалі нейкія магчымасці імплементацыі ў лагістычныя рашэнні, бакі едуць для кансультацый у свае сталіцы. І бакі абмеркавалі магчымасць у бліжэйшы час правядзення другога раўнда перагавораў, на якіх гэтыя тэмы атрымаюць канкрэтную практыку развіцця", - сказаў ён.

Што заявіла Расія?

Кіраўнік расійскай дэлегацыі памочнік Прэзідэнта Уладзімір Мядзінскі ўдакладніў, што наступная сустрэча адбудзецца ў бліжэйшыя дні на польска-беларускай граніцы.

"Самае галоўнае, мы дамовіліся прадоўжыць перагаворны працэс, - сказаў палітык. - Знайшлі некаторыя пункты, па якіх можна прагназаваць агульныя пазіцыі".

Пасля перагавораў каментарыі шэрагу СМІ даў яшчэ адзін прадстаўнік расійскай дэлегацыі - старшыня камітэта Дзяржаўнай думы па міжнародных справах Леанід Слуцкі. Ён размаўляў з журналістамі па тэлефоне, перад камерамі і выходзіў у прамы эфір.

"Важна, што бакі адзін аднаго чуюць, - падкрэсліў дэпутат. - Украінская дэлегацыя была гатова слухаць і ўдзельнічаць у самым падрабязным абмеркаванні сутнасці пытанняў. Гэта вельмі і вельмі важна. Які будзе працяг, гэта пакажуць самыя бліжэйшыя дні".

Паводле слоў Леаніда Слуцкага, галоўны вынік перагавораў у тым, што яны адбыліся і бакі пачулі адзін аднаго".

А што лічаць у Беларусі?

Пракаменціраваў журналістам перагаворны працэс і міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей. Ён заявіў, што Беларусь гатова ўнесці свой уклад у вырашэнне крызісу паміж Расіяй і Украінай.

"Прэзідэнт Беларусі з самага пачатку сачыў за гэтым працэсам, цікавіўся ходам працэсу. Вядома ж, усе беларусы зацікаўлены ў тым, каб быў канкрэтны вынік. Беларускі бок не ўхіляецца ад адказнасці, як спрабуюць гаварыць некаторыя крыніцы. Мы гатовы ўнесці свой уклад у вырашэнне крызісу. І гатовы, калі гэта будзе прымальна, і калі аб гэтым папросяць, гатовы ўдзельнічаць у адпаведным працэсе для таго, каб дасягнуць пазітыўны вынік", - падкрэсліў міністр.

Уладзімір Макей адзначыў, што калі б не было ўмяшання знешніх ігракоў, то пачаты працэс быў бы ўжо даўно завершаны. "І, магчыма, не спатрэбілася б прымаць нейкіх далейшых дзеянняў", - сказаў ён.

Праведзеныя на Прыпяці расійска-ўкраінскія перагаворы, лічыць кіраўнік беларускага МЗС, могуць стаць пачаткам працэсу, які не дапусціць "славянскай вясны".

"Вы бачыце па заключных заявах дэлегацый, што дасягнуты пэўныя дамоўленасці, якія ўсяляюць асцярожны аптымізм. Мы рады, што гэта адбылося на беларускай зямлі, таму што Беларусь гатова зрабіць усё для таго, каб былі знойдзены шляхі для вырашэння ўсіх крызісных, праблемных пытанняў", - сказаў міністр.

"Расія і Украіна падзякавалі Беларусі"

Кіраўнік МЗС адзначыў, што арганізаваць кантакты, асабліва на гэтым этапе, было вельмі складана. "Але вельмі важна, што была гатоўнасць на нейкім этапе з абодвух бакоў. Думаю, што тут вельмі важную ролю адыграла тэлефонная размова Прэзідэнта Лукашэнкі з Прэзідэнтам Зяленскім. Калі, я так разумею, былі пэўныя сумненні ў неабходнасці арганізацыі гэтай сустрэчы", - сказаў ён.

Уладзімір Макей расказаў, што самым складаным быў шэраг арганізацыйна-тэхнічных момантаў: "Прэзідэнт Лукашэнка даручыў МЗС разам з Гомельскім аблвыканкамам, Службай бяспекі зрабіць так, каб да нас не было прэтэнзій. Думаю, што гэта ў канчатковым выніку ўдалося. Хоць на працягу ночы нам прыйшлося ўзгадняць шэраг момантаў, нюансаў, звязаных з часам прыбыцця, складам дэлегацыі. Да самага апошняга моманту не былі вядомы рэчы, якія патрэбны былі для арганізацыі гэтага перагаворнага працэсу".

"У канчатковым выніку ўсё ўдалося, усё было арганізавана дастаткова добра. І калі мы развітваліся і з украінскай дэлегацыяй, і расійскай, яны выказвалі вялікую ўдзячнасць беларускаму боку за арганізацыю гэтага працэсу", - адзначыў дыпламат.

Як пісалася ўжо вышэй, бакі маюць намер сустрэцца чарговы раз. Яны дамовіліся, што сустрэча пройдзе праз некалькі дзён на беларуска-польскай граніцы. Хочацца верыць, што прыпяцкі перагаворны працэс стане кропкай адліку ва ўстанаўленні міру паміж краінамі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі