Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
06 ліпеня 2020, 13:11

Венесуэла разлічвае ўмацаваць супрацоўніцтва з Беларуссю - пасол

6 ліпеня, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Венесуэла разлічвае ў перспектыве ўмацаваць супрацоўніцтва з Беларуссю па ўсіх напрамках. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Венесуэлы ў Беларусі Франклін Рамірэс Араке ў нацыянальнае свята Венесуэлы - Дзень незалежнасці.

Пасол лічыць, што ў Венесуэлы і Беларусі добрыя перспектывы для паглыблення гандлёвых сувязей. Таму прыярытэтным з'яўляецца пошук новых магчымасцей узаемавыгаднага супрацоўніцтва. "З 2006 года беларуска-венесуэльскія кантакты істотна ўмацоўваліся і развіваліся ў многіх сферах: эканамічнай, гандлёвай, навукова-тэхнічнай, прамысловай, энергетычнай і будаўнічай, - сказаў кіраўнік дыпмісіі. - Двухбаковае супрацоўніцтва было актыўным і прадметным, што дало магчымасць рэалізаваць такія праекты, як будаўніцтва 7760 кватэр па нацыянальнай праграме "Жыллё Венесуэлы", узвядзенне завода па вытворчасці керамічных блокаў магутнасцю 25 млн адзінак у год у штаце Міранда, стварэнне зборачных вытворчасцей грузавых аўтамабіляў МАЗ і трактароу "Беларус" у зоне "Санта-Інес" у штаце Барынас. Таксама былі створаны сумесныя прадпрыемствы "Петралера БелаВенесалана", "МАЗВЕН", "ВенеМінск Тракторэс", сумеснае гандлёвае прадпрыемства "Венбелкам".

Дыпламат расказаў, што падпісаная 5 ліпеня 1811 года Дэкларацыя незалежнасці Венесуэлы стала вынікам бурных пратэстаў унутры краіны. У той дзень сем правінцый аб'ядналіся ў мэтах стварэння незалежнай ад іспанскай кароны дзяржавы, пад уладай якой яны знаходзіліся тры стагоддзі. Аднак поўная незалежнасць не была дасягнута на момант падпісання дэкларацыі. Давялося шмат і бязлітасна змагацца пад кіраўніцтвам нацыянальнага героя Сімона Балівара, каб Венесуэла вызвалілася ад прыгнёту і ўмацавала свой суверэнітэт. З таго часу штогод 5 ліпеня ў краіне адзначаецца Дзень незалежнасці.

"Апошнія 20 гадоў Венесуэла развівае знешнюю палітыку, заснаваную на інтэграцыі і супрацоўніцтве, і пашырае такім чынам свае стратэгічныя альянсы, неўхільна захоўваючы правы народаў на самавызначэнне, неўмяшанне ва ўнутраныя справы, паважанне правоў чалавека, больш справядлівы і шматпалярны свет", - падкрэсліў пасол.

Франклін Рамірэс Араке адзначыў, што каранавірусная інфекцыя ўнесла карэктывы ў жыццё Венесуэлы, як і ўсіх краін свету, а таксама ў міжнароднае супрацоўніцтва. "Гэта быў цяжкі перыяд і сур'ёзны выклік для венесуэльскай дзяржавы - прадаўжаць барацьбу з інфекцыяй на фоне аднабаковых прымусовых мер, несправядліва ўведзеных у адносінах да венесуэльскага народа з 2014 года. Яны ўскладняюць сітуацыю, аказваючы непасрэдны ўплыў на доступ да прадуктаў харчавання, медыкаментаў і тавараў першай неабходнасці. Гэта ўплывае на жыццё і здароўе мільёнаў чалавек, асабліва найменш абароненых груп насельніцтва", - звярнуў увагу пасол. Тым не менш, паводле яго слоў, нягледзячы на ўсе неспрыяльныя фактары, Венесуэле ўдалося ўтрымаць сітуацыю пад кантролем. "Мы зможам паспяхова пераадолець усе цяжкасці", - выказаў упэўненасць дыпламат.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі