Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
16 жніўня 2022, 14:56

Вальфовіч: Беларусь зацікаўлена ў забеспячэнні міру ў Еўропе

16 жніўня, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Беларусь зацікаўлена ў забеспячэнні міру ў Еўропе. Аб гэтым заявіў дзяржсакратар Савета бяспекі Беларусі Аляксандр Вальфовіч, выступаючы сёння на X Маскоўскай канферэнцыі па міжнароднай бяспецы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У цэлым ваенна-палітычная сітуацыя ў свеце і ў Еўропе зведвае беспрэцэдэнтную трансфармацыю. У сувязі з гэтым хачу адзначыць, што Беларусь зацікаўлена ў забеспячэнні міру і бяспекі ў еўрапейскім рэгіёне", - падкрэсліў дзяржсакратар Савета бяспекі.

Ён адзначыў: на выпрацоўку агульнапрызнаных правіл паводзін у інтарэсах забеспячэння надзейнай бяспекі і ўстойлівага развіцця накіраваныі вылучаемыя Беларуссю розныя ініцыятывы, у тым ліку нацэленыя на будаўніцтва новай архітэктуры рэгіянальнай бяспекі. "Іншым дзяржавам пастаянна прапануецца сумеснымі намаганнямі запусціць шматбаковы дыялог на гэту тэму - як у рамках механізмаў міждзяржаўнага супрацоўніцтва, так і паміж міжнароднымі арганізацыямі, - сказаў Аляксандр Вальфовіч. - Нам усім важна рухацца да абнаўлення існуючых і стварэння новых інструментаў і структур, якія будуць несці адказнасць за бяспеку ў сваіх рэгіёнах".

"Зыходзячы з гэтых пасылаў, беларускі бок лічыць неабходным прадоўжыць актыўную работу па ўстанаўленні ўзаемадзеяння ў пытаннях знешняй палітыкі бяспекі з усімі дзяржавамі, якія падтрымліваюць вышэй абазначаны падыход. Складнікамі гэтага ўзаемадзеяння павінна стаць супрацоўніцтва краін на пляцоўках міжнародных арганізацый, перш за ўсё ААН. Вялікі патэнцыял еўразійскай бяспекі закладзены ў развіцці партнёрства паміж Арганізацыяй Дагавора аб калектыўнай бяспецы і Шанхайскай арганізацыяй супрацоўніцтва. Важнае месца ў гэтым працэсе таксама неабходна адвесці канферэнцыям, экспертным сустрэчам, падобным да сённяшняй маскоўскай канферэнцыі", - заявіў дзяржсакратар Савета бяспекі Беларусі.

"Беларусь мае намер прадаўжаць актыўную работу з саюзнікамі і партнёрамі ў інтарэсах аздараўлення міжнародных адносін. Мы адкрыты для дыялогу і супрацоўніцтва з усімі, хто праяўляе да гэтага сустрэчную гатоўнасць", - рэзюмаваў Аляксандр Вальфовіч.

У маскоўскім форуме па бяспецы прымаюць удзел больш за 700 гасцей, сярод іх міністры абароны, начальнікі генеральных штабоў, дэлегацыі ваенных ведамстваў, прадстаўнікі экспертнай супольнасці з розных дзяржаў, а таксама прадстаўнікі міжнародных арганізацый. На канферэнцыі абмяркоўваюцца праблемы глабальнай і рэгіянальнай стабільнасці, а таксама розныя аспекты бяспекі ў Еўропе, Азіі, Афрыцы, на Блізкім Усходзе, у Лацінскай Амерыцы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі