Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
26 лістапада 2020, 12:22

У Беларусі і Расіі цалкам супадае зацікаўленасць ва ўмацаванні адносін - Лаўроў

26 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі і Расіі цалкам супадае зацікаўленасць ва ўмацаванні адносін. Аб гэтым заявіў сёння міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў на сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Перш за ўсё, прывітанне вам ад Уладзіміра Уладзіміравіча (Пуціна. - Заўвага БЕЛТА). Ён пацвердзіў усё, аб чым вы дамовіліся з ім раней, асабліва ў Сочы. У нас цалкам супадае зацікаўленасць ва ўмацаванні адносін. Можна гэта па-рознаму называць, але ў нас тая ж самая мэта: рухацца да ўзаемнай выгады нашых народаў, краін і Саюзнай дзяржавы", - падкрэсліў Сяргей Лаўроў.

Кіраўнік расійскага МЗС нагадаў, што раней кіраўнік беларускай дзяржавы выступіў з некалькімі ініцыятывамі. Яны, на думку міністра, вельмі важны для беларускага грамадства. "Як не раз падкрэсліваў Прэзідэнт Пуцін, мы зацікаўлены ў тым, каб гэтыя ініцыятывы адбыліся. Калі што-небудзь можам зрабіць у іх падтрымку, мы заўсёды адкрыты для гэтага", - дадаў Сяргей Лаўроў.

Міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў знаходзіцца ў Мінску з рабочым візітам. Прайшла ўжо яго сустрэча з кіраўніком МЗС Беларусі Уладзімірам Макеем. Сёння адбудзецца сумеснае пасяджэнне калегій міністэрстваў замежных спраў Беларусі і Расіі. "Галоўнай задачай будзе забяспечыць канкрэтныя дамоўленасці па эфектыўнай рэалізацыі нашай сумеснай праграмы ўзгодненых дзеянняў у галіне знешняй палітыкі", - расказаў дыпламат.

У ліку пытанняў, якія будуць разгледжаны на пасяджэнні, - каардынацыя дзеянняў у міжнародных арганізацыях, ЕАЭС, АДКБ, СНД. Будуць закранацца стан адносін з Еўрасаюзам, магчымасці ўдзелу АДКБ у аперацыях ААН па падтрыманні міру, перспектывы фарміравання Вялікага еўразійскага партнёрства праз спалучэнне інтэграцыйных працэсаў, а таксама ўзаемадзеянне ў сферы міжнароднай інфармацыйнай бяспекі.

Па выніках пасяджэння плануецца падпісанне сумесных дакументаў, у тым ліку план кансультацый паміж міністэрствамі замежных спраў на 2021 год і пастанова калегій, у якой знойдзе адлюстраванне праблематыка дамоўленасцей па разгледжаных пытаннях.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі