Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
27 лістапада 2020, 12:26

Старшынёй Савета МПА СНД перавыбрана Валянціна Мацвіенка

27 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Старшынёй Савета Міжпарламенцкай асамблеі дзяржаў - удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў перавыбрана старшыня Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі Валянціна Мацвіенка. Такое рашэнне прынята сёння ў час пасяджэння Савета МПА СНД, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Яе кандыдатура падтрымана аднагалосна.

"Ад імя Нацыянальнага сходу Беларусі мы падтрымліваем кандыдатуру Валянціны Іванаўны на такую высокую пасаду старшыні МПА СНД. Перш за ўсё хачу падзякаваць вам за праведзеную работу па ўмацаванні ролі МПА СНД. Асамблея карыстаецца высокім аўтарытэтам на міжнароднай арэне і з яе меркаваннем, несумненна, лічацца нашы партнёры ў іншых краінах. Я ўпэўнена, што ваша ініцыятыва, плённая праца, якая нацэлена на развіццё міжпарламенцкага супрацоўніцтва, будзе прадоўжана. Я шчыра жадаю вам поспехаў у гэтай рабоце", - адзначыла старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Наталля Качанава.

Старшыня Сената Парламента Казахстана Маўлен Ашымбаеў таксама высока ацаніў дзейнасць Валянціны Мацвіенка ў якасці старшыні Савета МПА СНД. "Міжпарламенцкая асамблея адыгрывае важную ролю ва ўмацаванні міжпарламенцкага супрацоўніцтва паміж краінамі. Яна стала запатрабаванай пляцоўкай канструктыўнага дыялогу і ўзаемадзеяння на міжнародным узроўні. Гэта рэзультат работы Валянціны Іванаўны і, безумоўна, усіх калег, якія прадстаўляюць парламенты краін СНД, - сказаў ён. - Арганізуюцца розныя прадстаўнічыя форумы і канферэнцыі, наладжаны партнёрскія сувязі з іншымі міжпарламенцкімі арганізацыямі. МПА СНД паказвае добрыя вынікі ў падрыхтоўцы мадэльных законапраектаў. Выбудавана сістэма маніторынгу і ўдзелу міжнародных наглядальнікаў у выбарчых кампаніях. Пры непасрэдным удзеле Валянціны Іванаўны рашэннем Генеральнай асамблеі ААН заснаваны Міжнародны дзень парламентарызму. Шчыра перакананы, што высокі прафесіяналізм і вялікі палітычны вопыт дазволяць Валянціне Мацвіенка прадоўжыць эфектыўна кіраваць нашай арганізацыяй. Упэўнены, усе калегі падзяляюць гэта меркаванне".

Валянціна Мацвіенка падзякавала калегам. "Я вельмі ўдзячна вам за добрыя словы і за давер, які вы мне аказалі чарговы раз. Я абяцаю, што пастараюся вас не падвесці і апраўдаць той давер, які вы мне сёння аказалі", - сказала яна.

У пасяджэнні Савета МПА СНД прымаюць удзел кіраўнікі парламенцкіх дэлегацый краін Садружнасці, а таксама прадстаўнікі органаў СНД і міжнародных арганізацый. Мерапрыемства праходзіць у фармаце відэаканферэнцыі. Адной з цэнтральных тэм пасяджэння стане заканадаўчае забеспячэнне мер, якія прымаюцца ў дзяржавах СНД у сувязі з пандэміяй COVID-19. Будуць таксама разгледжаны пытанні стану і перспектыў эканамічнай інтэграцыі і яе нарматыўна-прававога забеспячэння на еўразійскай прасторы, падрыхтоўкі да назірання за выбарамі ў органы дзяржаўнай улады ў краінах СНД у 2021 годзе, стварэння Экспертнага савета па навуцы і адукацыі пры МПА СНД.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі