Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
04 кастрычніка 2019, 11:20

Шубель аб адносінах Беларусі і ЕС: спектр сфер супрацоўніцтва вельмі шырокі

4 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Спектр супрацоўніцтва Беларусі і Еўрапейскага саюза настолькі шырокі, што прасцей назваць сферы, дзе яшчэ не наладжана цеснае ўзаемадзеянне. Такое меркаванне выказаў кіраўнік прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Дзірк Шубель, які прымае ўдзел у нацыянальных кансультацыях у Мінску па развіцці "Усходняга партнёрства", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Рэспубліка Беларусь і Еўрапейскі саюз актыўна і пастаянна супрацоўнічаюць па інтэграваным кіраванні граніцамі, па энергаэфектыўнасці, выкарыстанні альтэрнатыўных крыніц энергіі, па развіцці прадпрымальніцтва, фінансах, а таксама ахове навакольнага асяроддзя і культурнай спадчыны, - пералічыў Дзірк Шубель. - На самай справе прасцей будзе назваць тыя сферы, па якіх Беларусь і ЕС пакуль яшчэ не супрацоўнічалі, дзе мы яшчэ не шукалі сумесныя выклікі і не ставілі агульныя мэты".

Цяпер Еўрапейскі саюз прапрацоўвае стратэгію далейшага развіцця ініцыятывы "Усходняе партнёрства" і разглядае ў сувязі з гэтым прапановы краін-партнёраў. "Мы абмяркоўваем магчымасць будучага супрацоўніцтва і гатовы выслухаць, што нам можа прапанаваць беларускі бок, - сказаў Дзірк Шубель. - Мы чакаем вашы прапановы і гатовы атрымаць зваротную сувязь ад максімальнай колькасці беларусаў".

"Дэлегацыя ЕС удзячна вам за пастаянную падтрымку, вашы ідэі, погляды і бачанне. Цяпер усё залежыць ад нас, каб мы сфарміравалі агульную будучыню "Усходняга партнёрства", - запэўніў ён.

Правядзенне нацыянальных кансультацый ва ўсіх краінах "Усходняга партнёрства" з нагоды 10-годдзя арганізацыі ініцыяваў Еўрапейскі саюз.

Беларуская кансультацыя праходзіць 4 кастрычніка і складаецца з трох паслядоўных панэлей. Прадстаўнікі заканадаўчай улады, органаў дзяржкіравання, грамадзянскай супольнасці і іншыя ўдзельнікі мерапрыемства абмяркуюць шэраг тэм, сярод якіх ключавая - умацаванне супрацоўніцтва ва "Усходнім партнёрстве".

Ініцыятыва ЕС "Усходняе партнёрства" была аб'яўлена ў маі 2009 года. Яна нацэлена на ўзмацненне ўзаемадзеяння Еўрасаюза і шасці краін: Арменіі, Азербайджана, Беларусі, Грузіі, Малдовы і Украіны.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі