Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
22 студзеня 2021, 11:05

МЗС Беларусі ў 2020 годзе ўдалося рэалізаваць нямала важных праектаў, нягледзячы на эпідэмію - Макей

22 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. МЗС Беларусі ў 2020 годзе ўдалося рэалізаваць нямала важных праектаў, нягледзячы на эпідэмію. Гэта адзначыў міністр замежных спраў Уладзімір Макей сёння на адкрыцці выставы ў Прэзідэнцкай бібліятэцы Беларусі "Сакрэты і дасягненні дыпламатыі", прымеркаванай да Дня дыпламатычнага работніка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Міністр падкрэсліў, што мінулы год быў няпростым для беларускай дыпламатыі, асабліва ў сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй.

Паводле яго слоў, традыцыйнай і важнейшай задачай для дыпламатаў заставалася забеспячэнне спрыяльных знешніх умоў для ўстойлівага развіцця Беларусі. "Мінулы год для нашага міністэрства, як і для ўсёй краіны, быў складаным. І не толькі ў прафесійным, але і ў чалавечым плане. Былі і страты, у тым ліку незаменныя, - адзначыў ён. - З'яднанасць, узаемавыручка, высокія духоўна-маральныя якасці заўсёды вызначалі беларускіх дыпламатаў. Прыемна, што мы яшчэ раз гэта пацвердзілі. Гэта нашы традыцыі, і я рады, што гэтыя традыцыі захоўваюцца".

Кіраўнік МЗС канстатаваў, што за 2020 год праведзена вялікая работа. Асобна ён згадаў садзейнічанне па арганізацыі вяртання на радзіму беларускіх грамадзян, якія трапілі ў складаную сітуацыю за мяжой. "Канкрэтнымі справамі мы даказваем, што галоўнае ў нашай рабоце - гэта інтарэсы кожнага беларуса", - дадаў Уладзімір Макей.

Уладзімір Макей звярнуў увагу на доўгі і важны шлях, які прайшла ў сваім развіцці беларуская дыпламатыя, і вялікую спадчыну, створаную працай калег-папярэднікаў. "Упэўнены, і мінулы год гэта адназначна паказаў, што вы - гэта тыя, хто можа і далей дастойна несці гэты сцяг", - сказаў кіраўнік МЗС.

"Я шчыра яшчэ раз хачу падзякаваць усім супрацоўнікам сістэмы МЗС за самааддачу, адданасць справе, ініцыятыўнасць і прыхільнасць да высокіх ідэалаў сапраўднага служэння свайму народу. Дастаткова адзначыць, што нават эпідэмія не стала перашкодай для рэалізацыі шэрага знакавых, а часам і лёсавызначальных праектаў", - падкрэсліў міністр.

Ён лічыць, што наперадзе будзе таксама няпросты перыяд, звязаны як з сітуацыяй у свеце, якая становіцца ўсё больш напружанай і цяжкапрагназуемай, так і з тымі экзаменамі, якія трэба будзе прайсці ўнутры краіны. "Важнейшым этапам для вызначэння шляхоў яе далейшага развіцця стане Усебеларускі народны сход", - адзначыў міністр.

У экспазіцыі выстаўкі, якая адкрылася сёння, прадстаўлены матэрыялы фонду старадрукаваных і рэдкіх выданняў, што асвятляюць вытокі дыпламатычных адносін Беларусі, пачынаючы з перыяду Вялікага Княства Літоўскага. Больш позні перыяд развіцця дыпламатыі Беларусі, пачынаючы з 1727 года, адлюстраваны на старонках шматтомнай працы "Дакументы і матэрыялы па гісторыі Беларусі" (выданні 1936, 1940, 1953 гадоў). Уяўляюць цікавасць такія рарытэтныя выданні, як "Зборнік консульскіх данясенняў, выпуск III" (1898 год), "Зборнік сакрэтных дакументаў з архіва былога міністра замежных спраў" (1917 год), "10 гадоў савецкай дыпламатыі" (1927 год), "Міжнародныя адносіны ў эпоху імперыялізму" (1938 год), "Зборнік дзеючых дагавораў, пагадненняў і канвенцый, заключаных замежнымі дзяржавамі, выпуск IX" (1938 год).

Акрамя названых выданняў на выставе прысутнічаюць аўтабіяграфічныя даныя беларускіх дыпламатаў часоў СССР, дыпламатычная дакументацыя Першай і Другой сусветных войнаў. Акрамя гістарычных даследаванняў на стэндах выставы прадстаўлена літаратура, якая ўсебакова адлюстроўвае сучасныя тэндэнцыі знешняй палітыкі Беларусі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі